Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ўпершыню пройдзе канферэнцыя ААН па космосе



У Беларускім дзяржаўным універсітэце з 11 па 15 лістапада пройдзе канферэнцыя "Прымяненне касмічных тэхналогій для сацыяльна-эканамічнага развіцця краін", арганізаваная Упраўленнем ААН па пытаннях касмічнай прасторы пры падтрымцы Фонду "За бяспечны свет".

Старшынёй праграмнага камітэта з`яўляецца рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка.

Як паведамляе прэс-служба БДУ, гэта чацвёртая ў серыі канферэнцыя па падтрымцы выкарыстання касмічных тэхналогій для сацыяльна-эканамічнага развіцця краін. Першая была праведзена ў 2010 годзе ў Стамбуле (Турцыя), другая — у 2011 годзе ў Ханоі (В`етнам), трэцяя — у 2012 годзе ў Санцьяга (Чылі).

Удзельнікамі канферэнцыі ў Беларусі будуць звыш 100 вучоных і спецыялістаў у сферы касмічных навук з блізкага і далёкага замежжа.

Форум скіраваны на абмеркаванне сацыяльна-эканамічных перавагаў, атрыманых ад прымянення касмічных тэхналогій. Вучоныя абмяняюцца інфармацыяй па даследчых і прыкладных работах; разгледзяць прынцыпы і механізмы кааперацыі ў распрацоўцы касмічных тэхналогій, а таксама прадэманструюць прыклады выкарыстання гэтых тэхналогій для развіцця галін народнай гаспадаркі сваіх краін.

Падчас канферэнцыі ўдзельнікі азнаёмяцца з развіццём беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і правядуць нараду па пытаннях пашырэння ўдзелу нашай краіны ў касмічных праграмах ААН.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 20 кастрычніка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/39/23887
Текущая дата: 24.11.2024