Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі зарплаты настаўнікаў і выкладчыкаў вырастуць з 1 верасня



Найбольшую надбаўку атрымаюць настаўнікі і выкладчыкі за класнае кіраўніцтва і куратарства вучэбнай групы.

З 1 верасня 2023 года ў Беларусі павысіцца заробак педагагічных работнікаў, гэта прадугледжана пастановай Міністэрства адукацыі №265 ад 15 жніўня. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ў аўторак.

Згодна з пастановай, зарплата павышаецца выкладчыкам і майстрам у памеры 6% ад акладу, памочнікам выхавацеля – у памеры 10% ад акладу і выхавацелям – 20% ад акладу.

Таксама прадугледжана павышэнне настаўнікам (за выключэннем настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў) у памеры 21% ад акладу.

Пастанова ўстанаўлівае надбаўку кіраўнікам і спецыялістам з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ў памеры 15% ад акладу.

Метадыстам і кіраўнікам структурных падраздзяленняў, адасобленых падраздзяленняў, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыі, прадугледжана таксама павышэнне:

*на рэспубліканскім узроўні – у памеры 30 працэнтаў ад акладу (акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Вучэбна-метадычны цэнтр Мінсельгасхарча);
*на абласным і раённым узроўні – у памеры 20% ад акладу (інстытуты развіцця адукацыі, вучэбна-метадычныя цэнтры, вучэбна-метадычныя кабінеты).

Устаноўлена надбаўка за класнае кіраўніцтва (куратарства вучэбнай групы):

*настаўнікам, выкладчыкам, якія выконваюць функцыі класнага кіраўніка, куратара вучэбнай групы – у памеры 100% базавай стаўкі;
*педагагічным работнікам з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, якія выконваюць функцыі куратара вучэбнай групы ў дзённай форме атрымання адукацыі ўсіх курсаў, за выключэннем выпускнога курса, – у памеры 100% базавай стаўкі, выпускнога курса – у памеры 50% базавай стаўкі.

Апошні раз заробкі работнікам сферы адукацыі павышалі з 1 студзеня 2023 года. Тады павышэнне ў памеры 6% ад акладу прадугледжвалася настаўнікам, выкладчыкам, майстрам вытворчага навучання ўстаноў адукацыі, у памеры 15% ад акладу – прафесарска-выкладчыцкаму складу.

Паводле даных Белстата, у чэрвені сярэднія заробкі ў сферы адукацыі выраслі на 8,77% і склалі 1 440,8 рубля.

Акрамя таго, з 1 верасня ў Беларусі павышаюць памер базавай стаўкі. Яна складзе 235 беларускіх рублёў (раней – 228 беларускіх рублёў).

Мінск, 27 жніўня 2023
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/4/70810
Текущая дата: 23.12.2024