Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка прыняў удзел ва ўрачыстай лінейцы, прысвечанай Дню ведаў, у сярэдняй школе імя М.В.Кастрычніцкай у г. п. Лёзна.
«Дарагія землякі, дазвольце мне як ураджэнцу Лёзненскага раёна ад сябе асабіста, ад імя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў павіншаваць вас З Днём ведаў, пачаткам новага навучальнага года. Гэта, вядома ж, вельмі важны дзень у жыцці кожнага дзіцяці, у жыцці дарослых, таму што Дзень ведаў — пуцёўка ў новае жыццё. У нашай краіне дзякуючы ўвазе з боку Прэзідэнта робіцца ўсё, каб нашы дзеці раслі здаровымі і атрымлівалі годную адукацыю. І мне прыемна бачыць, што і ваша школа годна падрыхтавалася да новага навучальнага года», — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.
Спікер асобна звярнуўся да выпускнікоў. Паводле яго слоў, нягледзячы на іх малады ўзрост, лёзненская зямля можа ганарыцца іх справамі і ўчынкамі. «У кожнага з іх ёсць ужо пэўныя поспехі ў спорце, вучобе і грамадскім жыцці. Але вялікія перамогі яшчэ наперадзе, — адзначыў ён. — Пасля заканчэння школы хтосьці будзе паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову, хтосьці пойдзе працаваць на фабрыкі, заводы, у сельскую гаспадарку, ахоўваць межы, стане дэпутатам або дыпламатам. Хачу пажадаць адно: каб вы ведалі, што будучыня залежыць толькі ад вас. Тое, што вы на сённяшні дзень атрымалі і маеце, — гэта часціца працы вашых бацькоў, настаўнікаў, дарослых. Далей усё залежыць толькі ад вас, таму што старт, атрыманы ў школе і сям’і, ва ўсіх аднолькавы. А як вы распарадзіцеся гэтым багажом, залежыць толькі ад вашай працавітасці, стараннасці. Кім бы вы ні былі ў будучыні, заўсёды памятайце пра сваю краіну, малую радзіму. Памятаеце, што сваімі дасягненнямі вы абавязаны людзям, якія вас акружаюць».
Словы пажадання прагучалі і ў адрас першакласнікаў, а асобныя словы падзякі — настаўнікам. «Гэта людзі з вялікім сэрцам, працавітыя. Я думаю, што яны зробяць усё для таго, каб нашы дзеці выраслі годнымі, дадуць такія ўрокі нашым дзецям, якія дапамогуць стаць ім сапраўднымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Ад вас залежыць не толькі лёс маладых людзей, але і лёс нашай радзімы», — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.
Кожны першакласнік атрымаў з рук старшыні Палаты прадстаўнікоў падарунак Прэзідэнта — кнігу «Беларусь — наша Радзіма». Школе ж у якасці падарунка быў уручаны сертыфікат на мультымедыйны навучальны трэнажор. Акрамя таго, сёння ў школе пасля капітальнага рамонту ўведзены ў эксплуатацыю стадыён.
Звязда, 1 верасня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/4/70892
Текущая дата: 23.11.2024