Белорусский портал в Казахстане

Гуляем у хакей. У беларускіх школах з`явіцца новы факультатыў



У беларускіх школах з`явіцца новы факультатыў "Гуляем у хакей". Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства адукацыі ад 3 лютага 2023 года нумар 39, якая 23 сакавіка афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакументам зацверджана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў для навучэнцаў 1-3-х класаў. Яна разлічана на 34 гадзіны (адна гадзіна ў тыдзень) або 68 гадзін (дзве гадзіны ў тыдзень) для навучэнцаў 1-2-х класаў, а таксама на 35 гадзін (адна гадзіна ў тыдзень) або 70 гадзін (дзве гадзіны ў тыдзень) для навучэнцаў 3-х класаў.

Мэтай факультатыву заяўлена прыцягненне навучэнцаў да сістэматычных заняткаў хакеем для ўмацавання здароўя і ўсебаковага фізічнага развіцця. Задачамі вызначаны: выхаванне асобы, якая ўмее самастойна мысліць, прымаць рашэнні, рэалізоўваць тактычныя задумы індывідуальна, у групе і камандзе; выхаванне асобасных якасцей: волі, настойлівасці, дысцыплінаванасці, калектывізму; навучанне ўменням і навыкам гульні ў хакей; развіццё фізічных якасцей і павышэнне функцыянальных магчымасцей арганізма навучэнцаў, умацаванне здароўя. Факультатыў будзе арганізаваны ў форме групавых і індывідуальна-групавых заняткаў.

Тэхнічная падрыхтаванасць навучэнцаў будзе ацэньвацца на аснове пратакола экспертнай ацэнкі хакейных уменняў і навыкаў. Сярод паказчыкаў "стойка хакеіста на месцы і ў руху", "самастрахоўка падзеннем на калені" і інш. Праводзіцца ацэнка будзе не менш як тры разы ў год - у кастрычніку, студзені і маі.

У выніку асваення вучэбнай праграмы ў навучэнцаў будуць сфарміраваны веды аб гісторыі ўзнікнення і развіцця хакея як адной з найбольш масавых спартыўных гульняў, уплыве заняткаў хакеем на фізічнае развіццё і здароўе чалавека. Даведаюцца дзеці і аб асноўных патрабаваннях, што прад`яўляюцца да экіпіроўкі для заняткаў хакеем, асаблівасцях тэхнікі перамяшчэння на каньках, валодання клюшкай і шайбай для палявых ігракоў і варатароў, асновах тактычнага ўзаемадзеяння пры гульні ў хакей для палявых ігракоў і варатароў; асноўных правілах спаборніцтваў па хакеі, а таксама будуць сфармаваны ўменні перамяшчацца на каньках, валодаць клюшкай і шайбай, гуляць у якасці палявога іграка і варатара. Дзеці навучацца ўзаемадзейнічаць з равеснікамі ў працэсе сумеснай фізкультурнай і спартыўнай дзейнасці, атрымаюць навыкі бяспечных паводзін у час арганізаваных і самастойных гульняў і фізкультурных заняткаў на лядовай пляцоўцы, папярэджання траўматызму.

Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

24 сакавіка 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/6/68835
Текущая дата: 23.12.2024