Белорусский портал в Казахстане

Мінабароны Беларусі працягвае падрыхтоўку афіцэраў для ВПС і войскаў СПА па асобных спецыяльнасцях у расійскіх ваенных ВНУ



Мінабароны Беларусі працягвае падрыхтоўку афіцэраў для Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны па асобных спецыяльнасцях у расійскіх ваенных ВНУ. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Міністэрства абароны, падрыхтаваным да Дня войскаў СПА. Сёлета ён адзначаецца 10 красавіка.

Афіцэрскія кадры для Узброеных сіл Беларусі рыхтуюцца, у прыватнасці, у Варонежскім ваенным авіяцыйным інжынерным інстытуце, Яраслаўскім вышэйшым зенітным ракетным вучылішчы супрацьпаветранай абароны.

У Беларусі падрыхтоўка афіцэраў для ВПС і войскаў СПА вядзецца на двух факультэтах Ваеннай акадэміі — авіяцыйным і супрацьпаветранай абароны. Таксама спецыялістаў рыхтуюць у Мінскім дзяржаўным вышэйшым авіяцыйным каледжы. Падрыхтоўка прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў ажыццяўляецца ў 72-м гвардзейскім Аб`яднаным навучальным цэнтры. З 2010 года ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для ВПС і войскаў СПА і на ваенным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці "радыёэлектронныя сістэмы лакацыі і навігацыі".

Найважнейшая роля ў падрыхтоўцы афіцэрскіх кадраў для ВПС і войскаў СПА адводзіцца факультэту супрацьпаветранай абароны — найстарэйшаму факультэту Ваеннай акадэміі, пераемніку Мінскага вышэйшага інжынернага зенітнага ракетнага вучылішча СПА. Зараз падрыхтоўка курсантаў факультэта СПА ажыццяўляецца на працягу пяці гадоў па спецыяльнасці "Эксплуатацыя радыётэхнічных сістэм" па васьмі спецыялізацыях профілю войскаў СПА. На гэтых кафедрах курсанты вывучаюць зенітныя ракетныя сістэмы і комплексы (С-300, "Бук", "Аса", "Тунгуска", "Страла-10", "Ігла" і інш.), а таксама радыёлакацыйныя станцыі баявога і дзяжурнага рэжыму.

Асаблівасцю нацыянальнай сістэмы ваеннай адукацыі ваенныя называюць сувязь тэарэтычнай падрыхтоўкі і вайсковай практыкі. Так, усе вайсковыя стажыроўкі курсантаў і слухачоў ваенных навучальных устаноў сумяшчаюцца па часе правядзення з асноўнымі мерапрыемствамі Узброеных сіл, у тым ліку вучэннямі. Напрыклад, летась усе курсанты, якія вучацца на факультэце СПА па спецыялізацыі "Бук", атрымалі практыку падрыхтоўкі і правядзення баявых стрэльбаў на расійскім палігоне "Ашулук".

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 7 красавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/63/5779
Текущая дата: 23.12.2024