Белорусский портал в Казахстане

Міжнародны моладзевы экалагічны кангрэс стартуе 25-га лістапада ў БДУ



Мэтай яго правядзення з’яўляецца фармаванне экалагічнага мыслення ў студэнтаў і школьнікаў, а таксама стварэнне ўмоў для рэалізацыі іх экалагічных праектаў.

Пройдзе кангрэс у вочна-дыстанцыйным фармаце і аб’яднае больш за 100 маладых эколагаў з Беларусі, Расіі, Туркменістана, Турцыі, Нігерыі і ЗША.

Мерапрыемства ўключае два блокі. У навуковай частцы запланавана работа канферэнцыі «Экалагізацыя адукацыйнага працэсу, навуковыя даследаванні і фармаванне экалагічнай культуры сучаснай моладзі». Таксама ў гэтым блоку адбудзецца фінал конкурсу «Экаідэі ў жыццё!».

За перамогу будуць змагацца аўтары чатырох праектаў. Характэрна, што тры з іх падрыхтаваны школьнікамі. Маладыя эколагі прадставяць вынікі даследаванняў па атрыманні эфектыўнага ўгнаення з арганічных адходаў жывёлагадоўлі; стварэнні біяраскладальнай упакоўцы для вадкай харчовай прадукцыі; уцягванні навучэнцаў і іх бацькоў у акцыю па зборы пратэрмінаваных лекавых сродкаў, а таксама праграму для збору і захоўвання чэкаў у электронным фармаце.

Усяго ў адборачным туры было ацэнена 56 моладзевых ініцыятыў.

Другі блок кангрэса ўключае прафарыентацыйныя мерапрыемствы для школьнікаў. На экавізе і экаквесце ўдзельнікаў чакаюць трэнінгі па псіхалагічнай разгрузцы, дэгустацыя экапрадуктаў, майстар-клас, тэматычная выстава навукова-папулярнай і метадычнай літаратуры «Экалагічны дайджэст».

Арганізатарам кангрэса выступае хімічны кластар БДУ пры падтрымцы шэрагу профільных арганізацый і кампаній.

Надзея Нікалаева
Звязда, 25 лістапада 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/7/67174
Текущая дата: 23.12.2024