Белорусский портал в Казахстане

Адкрыты прыём работ на Конкурс маладых міжнароднікаў СНД імя Андрэя Грамыкі



Конкурс праводзіцца з 2018 года і за чатыры гады аб’яднаў больш за 1100 маладых навукоўцаў, дыпламатаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і камерцыйных структур з 11 краін СНД.

Своеасаблівым «ядром» конкурсу і лідарамі па колькасці заявак традыцыйна з’яўляюцца Беларусь і Расія. Мэта конкурсу — папулярызацыя даследаванняў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, міжнародным адносінам, сучаснай гісторыі дыпламатыі і інтэграцыйным працэсам на еўразійскай прасторы. Конкурс накіраваны на пашырэнне дыялога маладых даследчыкаў і дыпламатаў, а таксама актывізацыю ўзаемадзеяння навукова-даследчых і адукацыйных устаноў краін СНД і ЕАЭС. Афіцыйны сайт конкурса: konkurs-gromyko.org.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Асацыяцыя знешнепалітычных даследаванняў імя А.А.Грамыкі, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Інстытут Еўропы РАН пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, МДІМЗ, Еўразійскай эканамічнай камісіі, Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва СНД.

У конкурсе могуць прымаць удзел студэнты і выпускнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, аспіранты, навукоўцы, выкладчыкі, журналісты, аналітыкі, спецыялісты са сферы бізнесу, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дыпламаты з дзяржаў — удзельніц СНД не старэйшыя за 40 гадоў. Заканчэнне прыёму заявак — 12 мая 2022 года.

Надзея Нікалаева
Звязда, 20 сакавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/8/64078
Текущая дата: 23.11.2024