Аб’ект перастаў існаваць з сярэдзіны 90-х. І вось нарэшце яму падарылі другое жыццё. Асноўную частку сродкаў — 320 тысяч рублёў уклаў мясцовы СВК «Свіслач», часткова дапамог і раённы бюджэт.
Ва ўстановах адукацыі Гродзенскага раёна працуе тры басейны. Усе яны ў дзіцячых садках. А вось у школах да гэтага часу не было ніводнага.
Мадэрнізацыя ішла даволі хуткімі тэмпамі. Усе рамонтныя работы завяршыліся крыху больш за паўгода. У выніку ўвесь басейн быў поўнасцю пераабсталяваны, з’явілася ўтульная распранальня з яркімі шафамі, душавая. Усталявана сучасная сістэма вентыляцыі, падагрэву і ачысткі вады.
Па словах дырэктара Свіслацкай сярэдняй школы Івана Лябецкага, гэта вельмі доўгачаканы і значны аб’ект. Аб ім марылі не толькі дзеці, але і іх бацькі. Бо паблізу няма водных аб’ектаў, дзе дазволена купанне. Тым больш, басейн дае магчымасць плаваць круглы год, што важна і з пункту гледжання аздараўлення школьнікаў. Цяпер плаванне ўвойдзе ў комплекс заняткаў на ўроках фізкультуры. Будзе арганізавана секцыя плавання, у тым ліку для тых, хто вучыцца плаваць. Наведваць школьны басейн змогуць і дарослыя. Для іх будзе вызначаны спецыяльны час пасля заняткаў альбо ў выхадныя дні. Па папярэдніх падліках, кошт сеанса за адну гадзіну будзе каштаваць 4 рублі. У школе ўжо думаюць аб правядзенні тут лакальных спаборніцтваў і міжшкольных чэмпіянатаў.
Зараз у горадзе-спадарожніку Скідзелі ідзе будаўніцтва новага дзіцячага садка, у якім таксама прадугледжаны басейн.
Маргарыта Ушкевіч
Звязда, 6 красавіка 2022
Звязда, 6 красавіка 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/8/64483
Текущая дата: 23.12.2024