Белорусский портал в Казахстане

У новым кодэксе аб адукацыі ўведзена норма, згодна з якой павялічаны тэрмін навучання для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю



Пра гэта на прэс-канферэнцыі распавяла галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Алена Муліца.

У Беларусі павялічаць тэрмін навучання для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю

Змены перш за ўсё датычацца ўключэння прынцыпу інклюзіі ў адукацыю як аднаго з асноўных прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі. «Гэта абуслоўлена ратыфікацыяй Рэспублікай Беларусь Канвенцыі аб правах інвалідаў у 2016 годзе і сучаснымі тэндэнцыямі ў сферы адукацыі нашай і іншых краін, якія тычацца роўнага доступу да атрымання адукацыі ўсімі навучэнцам», — сказала Алена Муліца.

Другім аспектам стане павелічэнне тэрміну атрымання спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для людзей з інтэлектуальнай недастатковасцю ў другім аддзяленні спецыяльнай школы, а таксама ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У папярэдняй рэдакцыі тэрмін складаў 9 гадоў, цяпер жа ён павялічаны да 10 гадоў. Акрамя таго, прадастаўлена магчымасць спалучаць навучанне на хаце з заняткамі ва ўстановах адукацыі, што будзе спрыяць лепшай сацыялізацыі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

«У новай рэдакцыі Кодэкса выключаная норма пункта 4 артыкула 267, якая абмяжоўвала колькасць навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўстановах адукацыі. Была ўстаноўлена норма, што гэта колькасць не павінна была перавышаць 20%. Зноў жа, гэта зроблена для рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў сферы адукацыі», — сказала Алена Муліца.

Звязда, 1 лютага 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/9/63248
Текущая дата: 23.12.2024