Белорусский портал в Казахстане

Навучальны год у школах Беларусі будзе заканчвацца 31 жніўня



У сувязі з пытаннем аб налічэнні працоўнага стажу настаўнікам у новы Кодэкс аб адукацыі ўнесены змяненні.

Працягласць навучальнага года ў школах будзе ўстаноўлена з 1 верасня па 31 жніўня, расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.

Новаўвядзенне прадугледжана Кодэксам аб адукацыі, які напярэдадні падпісаў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

“Сёння ў Кодэксе прапісана, што вучоба доўжыцца з 1 верасня па 31 траўня. А што дзеці робяць улетку? Падчас канікул школа не зачыняецца, настаўнікі не звальняюцца, заробак ім плаціцца. Стала пытанне з налічэннем працоўнага стажу. Цяпер мы проста напісалі, што з 1 верасня па 31 жніўня будзе ісці навучальны год, але гэта не азначае, што з 1 чэрвеня па 31 жніўня дзеці будуць вучыцца”, – патлумачыла Каржова.

Яна падкрэсліла, што навучальныя заняткі для выпускнікоў 9-х і 11-х класаў, якія здаюць экзамены, згодна з новым Кодэксам аб адукацыі, устанаўліваюцца канкрэтнымі тэрмінамі: з 1 верасня па 25 мая.

А калі канікулы?

Расклад канікул на наступны навучальны год, паводле слоў Каржовай, будзе апублікаваны да канца лютага. Ніякіх змен у тэрмінах няма: вучняў па-ранейшаму чакаюць восеньскія, зімовыя, вясновыя і летнія канікулы.

Самыя кароткія, восеньскія і вясновыя (8 дзён), пройдуць у перыяды з канца кастрычніка да пачатку лістапада 2022 года і з канца сакавіка да пачатку красавіка 2023 года.

Зімовыя канікулы (16 дзён) намечаны, верагодна, з 24 снежня 2022 года па 8 студзеня 2023 года.

Самыя доўгія, летнія (92 дні), стартуюць 1 чэрвеня і скончацца 31 жніўня 2023 года. Для навучэнцаў 9-х класаў яны пачнуцца пасля здачы выпускных экзаменаў - з 12 чэрвеня.

Для перша-і другакласнікаў, а таксама навучэнцаў трэціх класаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў трэцяй чвэрці праводзяцца дадатковыя зімовыя канікулы - у лютым.

Мінск, 2 лютага 2022
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-410/9/63302
Текущая дата: 23.12.2024