Белорусский портал в Казахстане

Адноўлены чартарныя рэйсы з Гомеля ў Егіпет



Ужо за гадзіну да пачатку рэгістрацыі на аэравакзале шматлюдна. Жадаючыя здзейсніць падарожжа з марознай і снежнай зімы ў спякотнае лета прыбываюць у аэрапорт Гомель загадзя.

«Гамяльчане вельмі чакалі гэты рэгулярны чартар. Пакідалі каментары, пыталіся, калі ж. Упэўнены, што кірунак будзе карыстацца попытам. Загрузка першага чартара 100-працэнтная — 176 пасажыраў», — распавёў намеснік генеральнага дырэктара па аэрапортах дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Уладзімір Чаравухін.

Дастаўляць пасажыраў з Гомеля ў Шарм-эль-Шэйх будзе борт нацыянальнай авіякампаніі Belavia Boeing-737 800. Час пералёту – крыху больш за шэсць гадзін.

Дарэчы, гэтым самалётам сёння з егіпецкага Шарм-эль-Шэйха ў Гомель вярнуліся 48 чалавек, якія раней выляталі на адпачынак з Мінска. Усе яны адзначаюць камфорт і зручнасць чартара, які даставіў іх у родны горад.

У ліку шчаслівых пасажыраў, якія рыхтуюцца да палёту — Раіса з Рэчыцы. Свой дзень нараджэння яна вырашыла адзначыць у гарачым Егіпце, хоць першапачаткова не планавала зімовы адпачынак. Даведаўшыся пра аднаўленне чартарных рэйсаў з Гомеля, вырашыла зрабіць сабе такі падарунак. «У жніўні лятала на адпачынак з Масквы, назад праз Санкт-Пецярбург. Вельмі цяжкі быў шлях. А цяпер казка, вельмі зручна», — падзялілася яна.

Вылет плануецца кожныя 10 дзён, таму жадаючыя могуць зрабіць родным падарунак, арганізаваўшы ім свята на беразе мора.

Уладзімір Чаравухін падкрэсліў, што аэрапорт у Гомелі гатовы да работы і па новых напрамках.

Звязда, 23 студзеня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/10/72256
Текущая дата: 15.11.2024