Белорусский портал в Казахстане

Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" адправілася на "Дакар-2017"



Беларускія гоншчыкі вылецелі з Мінска і пасля перасадкі ў Стамбуле іх чакае працяглы пералёт і дзень акліматызацыі ў Буэнас-Айрэсе.

Гоначныя аўтамабілі МАЗ, якія прыбылі ў Аргенціну марскім шляхам, чакаюць пілотаў у порце. Каманда зможа забраць машыны 27 снежня, пасля чаго адправіцца ў Асунсьён.

У 2017-м старт гонкі адбудзецца ў сталіцы Парагвая. У складзе мазаўскай каманды 31 чалавек (тры пілоты і тры штурманы, а таксама тэхнічная група).

Разам з ужо добра вядомымі пілотамі, якія раней прымалі ўдзел у "Дакары", Сяргеем Вязовічам і Аляксандрам Васілеўскім у прэстыжным ралі-рэйдзе прыме ўдзел трохразовы чэмпіён Беларусі па дрыфтынгу Аляксей Вішнеўскі. Малады пілот ужо даказаў, што кіруе шматтонным грузавіком не горш, чым спартыўным легкавым аўтамабілем у ходзе гонкі "Шаўковы шлях" летам бягучага года.

На "Дакары-2017" будуць прадстаўлены два абноўленыя спартыўныя грузавікі каманды "МАЗ-СПОРТаўта", на якіх устаноўлены маторы магутнасцю 930 к.с., створаныя чэшскай кампаніяй на аснове агрэгатаў ад вядомай фірмы Caterpillar.

Грузавік Аляксандра Васілеўскага застаецца аснашчаным механічным рухавіком Тутаеўскага завода.

Ралі-рэйд "Дакар-2017" пройдзе па дарогах Аргенціны, Балівіі і Парагвая з 2 па 14 студзеня 2017 года. Працягласць маршруту складзе амаль 9 тыс. км.

26 снежня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/115/38178
Текущая дата: 27.12.2024