Белорусский портал в Казахстане

Ecolines адкрывае рэгулярны аўтобусны маршрут з Мінска ў аэрапорты Вільнюса і Каўнаса



Пра гэта паведаміў дырэктар Ecolines Павел Куцэнка.

З 22 снежня міжнародны аўтобусны перавозчык Ecolines адкрывае новы рэгулярны маршрут Мінск — Вільнюс — Каўнас і назад з заездамі ў аэрапорты літоўскіх гарадоў, 

Паводле яго слоў, аўтобусы будуць курсіраваць па маршруце штодня, чатыры разы на суткі. З раскладам руху можна азнаёміцца на сайце кампаніі.

"Гэты напрамак з`яўляецца запатрабаваным у пасажыраў, да сённяшняга дня рэгулярныя перавозчыкі не ажыццяўлялі заезды ў аэрапорты ў прамым і зваротным напрамку", — сказаў Куцэнка.

Ён зазначыў, што перавозчыкі, якія "арандуюць платформы на сталічным аўтавакзале і возяць пасажыраў у гарады і аэрапорты Літвы, Маскву, Санкт-Пецярбург, Кіеў і іншыя гарады, не з`яўляюцца рэгулярнымі міжнароднымі перавозчыкамі". Куцэнка лічыць, што пасажыры на такіх рэйсах абароненыя не ў поўнай меры, а заказныя перавозкі пад выглядам рэгулярных "ставяць дзейнасць легальных рэгулярных перавозчыкаў заведама у нявыгаднае становішча".

Міжнародныя рэгулярныя пасажырскія перавозкі, адзначыў Куцэнка, патрабуюць наяўнасці ў перавозчыка ліцэнзіі, а таксама адпаведнага дазволу кампетэнтных органаў краін, па тэрыторыі якіх праходзяць маршруты. Рэйсы такіх перавозчыкаў ёсць у раскладзе руху аўтавакзалаў, квіткі на рэйсы афіцыйных перавозчыкаў рэалізуюцца праз сістэмы продажу квіткоў, у якія нельга патрапіць, не маючы дзейных дазваленчых дакументаў на рэгулярныя перавозкі пасажыраў.

Аператар міжнародных аўтобусных перавозак Ecolines больш за 20 гадоў працуе на маршрутах, якія звязваюць каля 200 гарадоў больш чым у 20 краінах.

Алена Спасюк, БелаПАН
Мінск, 7 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/116/37920
Текущая дата: 27.12.2024