Белорусский портал в Казахстане

Чыгункі Беларусі і Латвіі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве



Беларуская і Латвійская чыгункі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, паведамляе прэс-служба БЧ.

У мінулую пятніцу, 1 ліпеня, у Мінску прайшлі перамовы начальніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Марозава са старшынёй праўлення, прэзідэнтам Латвійскай чыгункі Эдвінсам Берзіньшам.

Бакі абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва: пра стан грузавых і пасажырскіх перавозак, перспектывы іх развіцця ў другім паўгоддзі 2016 года, а таксама разгледзелі праекты пагадненняў аб супрацоўніцтве па арганізацыі руху цягнікоў і ўтрыманні чыгуначнай інфраструктуры і аб парадку перадачы грузаў, грузавых і пасажырскіх вагонаў, кантэйнераў.

Таксама ўвага надавалася сумеснай працы ў транспартна-лагістычнай, тарыфнай і маркетынгавай сферах, адзначалася мэтазгоднасць прыцягнення дадатковых грузапатокаў, у тым ліку дадатковых аб`ёмаў перавозак грузаў у складзе цягніка Zubr, а таксама пытанню арганізацыі перавозак грузаў з латвійскіх партоў з выкарыстаннем рэфрыжэратарнага рухомага складу Беларускай чыгункі, паведамляе прэс-служба.

Прадстаўнікі дзвюх адміністрацый абмеркавалі пытанне мер, што прымаюцца па кантролі за тэхнічным і камерцыйным станам вагонаў, якiя перадаюцца па міждзяржаўных стыкавых пунктах, па ўкараненні электронных накладных пры ажыццяўленні двухбаковых міжнародных грузавых перавозак.

На сёння грузавыя перавозкі паміж дзвюма краінамі складаюць 24% аб`ёму ўсіх міжнародных перавозак БЧ, адзначае прэс-служба. У 2015 годзе аб`ёмы перавозак грузаў у зносінах Беларусь — Латвія па міждзяржаўным стыку Бігосава — Індра склалі 30,5 млн. тон, або 102% да 2014 года. Экспартныя перавозкі грузаў з Беларусі ў Латвію і яе парты выраслі на 59,9%.

Асаблівая ўвага падчас мінскай сустрэчы надавалася арганізацыі пасажырскіх перавозак паміж Мінскам і Рыгай і магчымасці стварэння больш прывабных умоў праезду ў параўнанні з іншымі відамі транспарту.

Нагадаем, з 1 ліпеня ў складзе цягніка № 88/87 Мінск — Рыга пачаў курсіраваць вагон з месцамі для сядзення, кошт праезду ў якім супастаўны з коштам праезду ў аўтобусе. А з 1 чэрвеня і да канца бягучага года БЧ увяла на гэты цягнік скідкі і надбаўку да агульнага кошту праезду індывідуальных пасажыраў ва ўсіх катэгорыях вагонаў у залежнасці ад тэрмінаў продажу білетаў.

Вынікам перамоваў кіраўнікоў чыгуначных адміністрацый Беларусі і Латвіі стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве па арганізацыі руху цягнікоў і ўтрыманні чыгуначнай інфраструктуры паміж Беларускай чыгункай і Latvijas dzelzcels і пагаднення аб парадку перадачы грузаў, грузавых і пасажырскіх вагонаў, кантэйнераў паміж Беларускай чыгункай і LDZ Cargo.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 4 ліпеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/121/36173
Текущая дата: 28.09.2024