Белорусский портал в Казахстане

Беларускі музыкант Уладзімір Гаркуша загінуў у ДТЗ у Расіі



Беларускі музыкант, валтарніст пермскага аркестра musicAeterna Уладзімір Гаркуша загінуў у ДТЗ у Расіі, паведамляе радыёстанцыя "Рэха Пермі".

Віяланчэлістка Ганна Марозава, якая знаходзілася з ім у машыне, у рэанімацыі.

Паводле інфармацыі ГУ МУС Свярдлоўскай вобласці Расіі, аварыя адбылася 26 сакавіка ў 22.34 на 307-м кіламетры аўтадарогі Перм — Екацярынбург. Аўтамабіль "Пежо-308", за рулём якога знаходзіўся музыкант, сутыкнуўся з аўтамабілем "Фольксваген-Джэта", якім кіраваў мужчына 1988 года нараджэння. Апошні дастаўлены ў медустанову.

Устаноўлена, што на момант ДТЗ вадзіцель "Фольксвагена-Джэты" пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання і знаходзіўся ў стане алкагольнага ап`янення.

На сайце Пермскага тэатра оперы і балета паведамляецца, што Уладзімір Гаркуша нарадзіўся ў 1984 годзе ў беларускай вёсцы Вішнева. У 2009 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Працаваў у Прэзідэнцкім аркестры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Рэспублікі Беларусь. У лютым 2012 года стаў артыстам аркестра musicAeterna.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 28 сакавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/126/34971
Текущая дата: 26.12.2024