Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Кітай распрацуюць дарожную карту рэалізацыі ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях"



Аб гэтым 24 сакавіка заявіў намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка.

Беларусь і Кітай распрацуюць дарожную карту ўзаемадзеяння па рэалізацыі кітайскай ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях". Аб гэтым 24 сакавіка заявіў намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка на канферэнцыі, прысвечанай развіццю кітайскай эканомікі, беларуска-кітайскаму супрацоўніцтву і сумеснаму будаўніцтву эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

Аляксандр Ярашэнка адзначыў, што Міністэрства эканомікі сумесна з зацікаўленымі ведамствамі распрацоўвае праект такой дарожнай карты, у якую будзе ўключаны канкрэтны пералік асноўных напрамкаў, праектаў і мерапрыемстваў. Гэта будзе дакладны і зразумелы план сумесных дзеянняў па спалучэнні Беларусі з эканамічным поясам Шаўковага шляху.

"Транспартная інфраструктура, лагістыка, вытворчая кааперацыя, інфарматызацыя і сувязь - вось ключавыя напрамкі, у якіх мы гатовы актыўна развіваць супрацоўніцтва з Кітаем пры рэалізацыі ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях". Беларусь вядзе работу па ўзмацненні ступені інтэграцыі ўласнай транспартнай інфраструктуры ў сусветную сетку шляхам актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва ў пытаннях будаўніцтва дарог, мастоў, электрыфікацыі і рэканструкцыі ўчасткаў беларускай чыгункі, энергетычных, інфармацыйна-камунікацыйных і іншых інфраструктурных аб`ектаў", - сказаў намеснік міністра.

Адной з ініцыятыў беларускага боку пры рэалізацыі канцэпцыі з`яўляецца стварэнне інфармацыйнага эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Асабліва важным з`яўляецца забеспячэнне адзінага падыходу да ўзаемадзеяння з Кітаем, з улікам агульнасусветнай тэндэнцыі да глабалізацыі інфармацыйнай прасторы.

Традыцыйныя камунікацыі і абмен інфармацыяй перамяшчаюцца ў інтэрнэт, які выкарыстоўвае розныя маршруты дастаўкі інфармацыі паміж Беларуссю і Кітаем. Беларускія цэнтры апрацоўкі даных, што ствараюцца ў тым ліку з удзелам кітайскіх кампаній, прызначаны стаць аднымі з галоўных пляцовак для развіцця інфармацыйнага супрацоўніцтва. "А галоўнае, яны дадуць магчымасць аказаць кітайскім партнёрам садзейнічанне ў асваенні еўрапейскай інфармацыйнай прасторы, уключаючы папулярызацыю кітайскіх тэлекамунікацыйных прадуктаў і тэхналогій", - растлумачыў Аляксандр Ярашэнка.

У канферэнцыі, якая арганізавана пасольствам Кітая ў Беларусі, прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Мінску Цуй Цымін, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства эканомікі, Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, факультэтаў міжнародных адносін і эканомікі БДУ, Банка развіцця, таварыства дружбы "Беларусь - Кітай".

25 сакавіка 2016, Мінск
Аліна Грышкевіч -БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/127/34861
Текущая дата: 25.12.2024