Белорусский портал в Казахстане

13 снежня адкрываецца штодзённы бесперасадачны маршрут Мінск — Варшава і спыняе курсіраванне цягнік Гродна — Кузніца — Беласток



Пра гэта ў прэс-службе Беларускай чыгункі, адзначыўшы, што цягнік з Гродна быў польскага фарміравання і да БЧ не меў дачынення.

Паводле інфармацыі БЧ, "з мэтай забеспячэння рэгулярных транспартных зносінаў з краінамі ЕС і з уводам новага графіка руху цягнікоў на 2015—2016 гады Беларуская чыгунка з 13 снежня прызначыла ў штодзённае абарачэнне два бесперасадачныя вагоны Мінск — Варшава". Гэтыя вагоны будуць курсіраваць у складзе цягніка № 9/10 Масква — Варшава. 

З Мінска цягнік згодна з новым графікам адпраўляецца ў 1.16 і прыбывае на станцыю Варшава-Цэнтральная ў 8.55. Час адпраўлення зваротнага саставу са станцыі Варшава-Цэнтральная — 18.53, прыбыццё ў Мінск — раніцай наступнага дня ў 7.24. 

У сваю чаргу цягнік № 115/116 Мінск — Варшава, які сёлета курсаваў двойчы на тыдзень і адпраўляўся з Мінска па панядзелках і чацвяргах, з уводам новага графіка будзе прызначацца "паводле ўказання". 

Беларуская чыгунка нагадала, што графік руху цягнікоў на 2015—2016 гады ўводзіцца на дарогах краін СНД з 0.00 13 снежня. У міжнародных зносінах новы графік прадугледжвае пастаяннае курсаванне 30 пар пасажырскіх цягнікоў фарміравання БЧ. 

Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва Польшчы пацвердзіла гродзенскаму парталу навін "Твой стиль", што 12 снежня стане апошнім днём курсавання пагранічных цягнікоў з Гродна ў Кузніцу і Беласток, а далей у Элк і Малкін. Пры гэтым польскі бок заявіў, што хоча максімальна хутка аднавіць зносіны па гэтым маршруце.

Прэс-сакратар фірмы Przewozy Regionalne Міхал Сцыльгер паведаміў, што перавозчык гатовы працягваць працу, калі маршрут прафінансуе міністэрства або мясцовае самакіраванне. "З тэхніка-лагістычнага пункта гледжання мы гатовыя запусціць цягнікі", — сказаў Сцыльгер.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 11 снежня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/130/33598
Текущая дата: 28.09.2024