Белорусский портал в Казахстане

На беларускай мяжы ўводзяцца дадатковыя сілы і сродкі з улікам пераарыентавання расійскіх грузаперавозчыкаў у абход Польшчы



Аб гэтым паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка.

Ва ўмовах адсутнасці дамоўленасці Расіі і Польшчы па дазволах на грузаперавозкі расійскія транспартныя кампаніі пераарыентавалі свае пастаўкі ў Еўропу ў абыход тэрыторыі РП. Цяпер шматлікія новыя маршруты накіраваны праз Беларусь у бок Прыбалтыкі і Украіны, што пачало ствараць пэўную напружанасць у асобных пунктах пропуску.

Паводле слоў Аляксандра Цішчанкі, у сувязі з наяўнай сітуацыяй спатрэбілася ўзмацненне сіл і сродкаў на асобных памежных пераходах, каб справіцца з пакуль не крытычным, але высокім узроўнем транспартнага патоку на літоўскім і ўкраінскім кірунку.

У Дзяржпагранкамітэце Беларусі канстатуюць, што зараз вектар памкненняў расійскіх грузаперавозчыкаў накіраваны на Клайпедскі марскі порт, аднак нават у ім ужо утварыліся чэргі для перагрузкі тавару ў кантэйнеры, і тэрыторыю Украіны праз пункт пропуску "Макраны", каб затым патрапіць у Венгрыю і далей на захад, абыходзячы тэрыторыю Польшчы.

У "Макранах" арганізавана афармленне каля 140 грузавікоў у суткі пры пастаяннай чарзе каля паўсотні машын. З украінскім бокам праведзена сустрэча для вырашэння пытання аб выдзяленні ёю дадатковых сіл і сродкаў і забеспячэнні рытмічнасці грузапатоку.

У сувязі з гэтымі акалічнасцямі ў Дзяржпагранкамітэце Беларусі заклікаюць расійскіх грузаперавозчыкаў арыентавацца на інфармацыю пра становішча ў пунктах пропуску, размешчаную на сайце пагранведамства, у тым ліку ў фармаце відэа.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 9 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/130/34212
Текущая дата: 26.12.2024