Белорусский портал в Казахстане

У Мінску п`яны вадзіцель уцякаў ад ДАІ на хуткасці 180 км/гадз



Супрацоўнікамі дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ Кастрычніцкага РУУС Мінска затрыманы вадзіцель, які кіраваў аўтамашынай у нецвярозым стане.

Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, прыкладна а трэцяй гадзіне ночы 9 чэрвеня ўвагу інспектараў прыцягнуў "Пежо", які рухаўся па вуліцы Кіжаватава з яўным перавышэннем хуткасці. Законныя  патрабаванні аб спыненні вадзіцель праігнараваў, паспрабаваўшы ўцячы на высокай хуткасці. Пачаўся пераслед.

"На асобных участках дарогі вадзіцель развіваў на сваім аўтамабілі хуткасць большую за 180 км/гадз. На шчасце, людзей і іншых транспартных сродкаў у гэты час было мала, таму ніхто не пацярпеў", — сказаў старшы інспектар аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Кастрычніцкага РУУС Павел Заяц.

На 15-м кіламетры Слуцкай шашы нецвярозы вадзіцель не справіўся з кіраваннем. Аўтамабіль з`ехаў у кювет і перакуліўся. Вадзіцель не пацярпеў.

Пры аглядзе затрыманага было ўстаноўлена, што ўтрыманне пароў алкаголю ў выдыханым ім паветры складае прыблізна 1,6 праміле. Як высветлілася, 24-гадовы мінчанін раней ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап`янення. 

Дзеянням затрыманага даецца прававая ацэнка.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 9 чэрвеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/137/31401
Текущая дата: 16.11.2024