Аб гэтым сказана ў пастанове Савета Міністраў нумар 205 ад 17 сакавіка, апублікаванай 20 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У Беларусі зацверджаны правілы забеспячэння доступу спажыўцоў да паслуг транспарціроўкі нафты і нафтапрадуктаў па магістральных трубаправодах.
"Гэта новы для Беларусі дакумент, які гарантуе аднолькавыя і недыскрымінацыйныя ўмовы доступу ўсіх спажыўцоў да паслуг трубаправоднага транспарту", - растлумачыла прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Марына Касцючэнка. Яна заўважыла, што ў Расіі аналагічны дакумент ужо дзейнічае. У цэлым гарманізацыя заканадаўстваў у рамках стварэння агульнага рынку нафты і нафтапрадуктаў Еўразійскага эканамічнага саюза завершыцца прыкладна да 2025 года.
Пастанова, якая ўступае ў сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання, падрыхтавана ў адпаведнасці з "Законам аб натуральных манаполіях". У законе вызначана, якія сферы дзейнасці з`яўляюцца натуральнымі манаполіямі. Што датычыцца прапампоўвання нафты і нафтапрадуктаў, то ў Беларусі натуральнымі манапалістамі (аператарамі) з`яўляюцца два ААТ - "Гомельтранснафта Дружба" і "Полацктранснафта Дружба", а таксама прадпрыемства "Захад-Транснафтапрадукт". Правілы карыстання іх паслугамі падрыхтаваў канцэрн "Белнафтахім" па ўзгадненні з Мінэканомікі, Мінэнерга, МНС і іншымі зацікаўленымі ведамствамі.
У правілах гаворыцца, што для заключэння дагавора спажывец да 1 лістапада года, што папярэднічаў году транспарціроўкі нафты і (або) нафтапрадуктаў, прадстаўляе па месцы знаходжання аператара ў пісьмовай форме заяўку, якая падпісана ўпаўнаважанай асобай і змяшчае неабходныя звесткі. Патрабаванні да зместу заяўкі і дакументаў, прыкладзеных да яе, з`яўляюцца адзінымі для ўсіх спажыцоў.
Аператар будзе разглядаць атрыманую заяўку і накіроўваць спажыўцу паведамленне аб прынятым рашэнні да 15 лістапада. Спажыўцы, якія звярнуліся да аператара за паслугамі па транспарціроўцы нафты пазней за ўстаноўлены тэрмін падачы заяўкі, могуць прэтэндаваць толькі на свабодную прапускную здольнасць магістральнага трубаправода.
У адпаведнасці з новым дакументам, аператар мае права скараціць, прыпыніць або павялічыць тэрмін аказання паслуг пры ўзнікненні абставін неадольнай сілы, у тым ліку ўвядзенні забаронных мер упаўнаважанымі дзяржорганамі, выкананні рамонтна-аднаўленчых работ магістральных трубаправодаў, якія перашкаджаюць транспарціроўцы нафты і нафтапрадуктаў. Такое рашэнне пры гэтым распаўсюджваецца на ўсіх спажыўцоў, на якіх аказалі ўплыў абставіны.
Акрамя таго, аператар можа скасаваць дагавор са спажыўцом у аднабаковым парадку, калі паслугу немагчыма аказаць па прычынах ваенных дзеянняў, стыхійных бедстваў, катастроф, а таксама пры парушэнні заказчыкам умоў дагавора і норм бяспекі, устаноўленых заканадаўствам.
Па Беларусі штогод транспартуецца больш за 72 млн т нафты па нафтаправодах, даўжыня якіх у аднаніцяным выкананні складае больш як 3 тыс. км.
20 сакавіка 2015, Мінск
Таццяна Іванюк - БЕЛТА
20 сакавіка 2015, Мінск
Таццяна Іванюк - БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/143/30162
Текущая дата: 26.12.2024