Белорусский портал в Казахстане

У 2015 годзе Беларуская чыгунка плануе поўнасцю перайсці на электронны дакументаабарот пры арганізацыі грузавых перавозак у межах краіны



Пра гэта паведамляе прэс-служба БЧ.

У 2015 годзе Беларуская чыгунка плануе перайсці на беспапяровую тэхналогію арганізацыі грузавых перавозак з прымяненнем электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП). У выніку комплекснай працы, праведзенай чыгуначнікамі, для гэтага створаныя ўсе ўмовы.

Так, у 2014 годзе БЧ дала прадпрыемствам-грузаадпраўнікам магчымасць афармляць у электронным выглядзе заяўку на перавозку грузаў, графік падачы вагонаў, уліковую картку выканання заяўкі на перавозку грузаў, памятку прыёмаздатчыка. Выкарыстоўваць гэтыя электронныя дакументы на практыцы дазваляе спецыялізаваная аўтаматызаваная сістэма "Электронная перавозка", распрацаваная цэнтрам аховы інфармацыі Беларускай чыгункі. 

Да сістэмы "Электронная перавозка" падключаныя ўсе грузавыя станцыі, звязаныя з грузавой і камерцыйнай працай. Як адзначаюць у прэс-службе, найлепшых вынікаў у пераходзе на беспапяровую тэхналогію дасягнула станцыя Сітніца, дзе большасць дакументаў пры арганізацыі грузаперавозак ва ўнутрырэспубліканскіх зносінах афармляюцца з выкарыстаннем ЭЛП. Паведамляецца, што шырокае кола кліентаў, якія прымяняюць электронны дакументаабарот, мае таксама грузавая станцыя Баранавічы. Актыўна ўкараняюць сучасныя тэхналогіі станцыі Жлобін і Цэнтраліт, якія першымі пачалі выкарыстоўваць электронны дакументаабарот пры перавозках грузаў у міждзяржаўных зносінах. 

У цэлым сёння 276 прадпрыемстваў Беларусі выкарыстоўваюць магчымасці АС "Электронная перавозка" пры арганізацыі перавозак грузаў чыгуначным транспартам. 

Беларуская чыгунка заклікае кліентаў, якія яшчэ не перайшлі на электронны дакументаабарот, больш актыўна карыстацца гэтай паслугай і звяртае ўвагу на яе перавагі. 

Як падкрэслілі ў прэс-службе, для БЧ развіццё грузаперавозак на аснове электроннага дакументаабароту з`яўляецца важным кірункам павышэння эфектыўнасці грузавой і камерцыйнай працы, а таксама якасці паслуг грузаадпраўнікам. Электронны дакументаабарот выкарыстоўваецца таксама пры перавозках грузаў у зносінах з Расіяй, на выбраным палігоне. У гэтым кірунку ідзе праца з літоўскімі і ўкраінскімі чыгуначнікамі.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 2 лютага 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/145/29399
Текущая дата: 25.12.2024