Белорусский портал в Казахстане

Чаму пакараць вінаватых у трагедыі «Боінга» будзе цяжка



Адказ, паводле юрыстаў, абапіраецца ў значнай ступені на тое, ці ўдасца даказаць, што крушэньне самалёта, у якім загінулі ўсе 298 чалавек на борце, было вынікам наўмыснага зьбіцьця.

Тыя, хто хоча прыцягнуць да адказнасьці вінаватых за зьбіцьцё малайзійскага пасажырскага самалёта над Данбасам 17 ліпеня, павінны спачатку знайсьці адказ на вельмі складанае прававое пытаньне: ці зьяўляецца трагедыя авіялайнэра MH 17 ваенным злачынствам?

Але нават калі такі доказ будзе знойдзены, судовы перасьлед вінаватых як ваенных злачынцаў будзе даволі цяжкай справай.

«Праблема ў тым, што зьбіцьцё цывільнага авіялайнэра па памылцы не зьяўляецца ваенным злачынствам, як абуральна гэта ні гучыць. Ваеннае злачынства — гэта калі такі самалёт зьбіваюць сьвядома», — сказаў нашаму радыё Дэйвід Глэйзэр, прафэсар Юрыдычнай школы імя Ляёлі ў Лос-Анджэлесе.

Злучаныя Штаты і заходнія ўрады абвінавачваюць прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны ў нанясеньні ўдару па авіялайнэры ракетай зямля-паветра, у той час як баевікі ў зьдзяйсьненьні атакі абвінавачваюць украінскія ўлады.
Зьбіцьцё цывільнага авіялайнэра па памылцы не зьяўляецца ваенным злачынствам, як абуральна гэта ні гучыць

Нідэрлянды, якія страцілі 193 сваіх грамадзян у палёце авіялайнэра з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, накіравалі свайго генэральнага пракурора ва Ўкраіну для высьвятленьня, ці было зьбіцьцё самалёта ваенным злачынствам.

Тым часам Чырвоны Крыж у канфідэнцыйнай прававой ацэнцы адзначыў, што Ўкраіна афіцыйна знаходзіцца ў стане вайны, якую вядзе супраць прарасейскіх сэпаратыстаў ва ўсходняй частцы краіны.

Такое вызначэньне канфлікту, як кажуць экспэрты, абавязвае абодва бакі ў канфлікце прытрымлівацца Жэнэўскіх канвэнцый, калі яны хочуць пазьбегчы рызыкі абвінавачваньня ў ваенных злачынствах на міжнароднай арэне.

Амэрыканскія афіцыйныя асобы на гэтым тыдні заявілі, што атака на малайзійскі самалёт выглядала на выпадковую — сэпаратысты першапачаткова меркавалі, што яны зьбіваюць украінскі ўрадавы самалёт.

Але нават калі ўдар па малайзійскім авіялайнэры ня быў наўмысным, пракуроры ўсё яшчэ могуць узбудзіць справу аб ваенным злачынстве, калі дакажуць, што ракета была выпушчаная без разбору, то бок без увагі на тое, які самалёт служыць мішэньню — цывільны ці вайсковы.

«Пытаньне тут зводзіцца да таго, якая ступень абачлівасьці неабходная, калі вы страляеце з такой зброі», — сказаў Свабодзе прафэсар Майкл Дойл зь юрыдычнага факультэту Калюмбійскага унівэрсытэту.

Расейскія афіцыйныя асобы, дадаў прафэсар Дойл, таксама могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці за ваенныя злачынствы, калі будзе даказана, што, як сьцьвярджаюць заходнія ўрады, яны даюць матэрыяльную і іншую падтрымку баевікам ва Ўкраіне, якія зьдзяйсьняюць такія злачынствы.

Нават калі зацікаўленыя ўрады узбудзяць справу па абвінавачваньні ў ваенным злачынстве ў сувязі з трагедыяй малайзійскага «Боінга», знайсьці суд, які зоймецца афіцыйным крымінальным перасьледам можа аказацца цяжкім заданьнем.

У міжнародным крымінальным праве існуе рэальны разрыў паміж жахам таго, што здарылася, і тым, за што прадбачаная крымінальная адказнасьць

Ні Расея, ні Ўкраіна не зьяўляюцца ўдзельнікамі Міжнароднага крымінальнага суду, а гэта азначае, што гэты міжнародны трыбунал у Гаазе ня мае юрысдыкцыі над грамадзянамі гэтых краін, калі яны ня зьдзейсьнілі злачынствы на тэрыторыі дзяржавы, якая зьяўляецца ўдзельнікам Рымскай дамовы пра стварэньне гэтага міжнароднага суду.

Міжнародны крымінальны суд можа разглядаць справы аб ваенных злачынствах незалежна ад грамадзянства падазраваных толькі тады, калі яны былі пададзеныя Радай Бясьпекі ААН. Але такі паварот у выпадку малайзійскага авіялайнэра малаверагодны, паколькі Расея, якая давала зразумець, што самалёт мог быць зьбіты ўкраінскай арміяй, мае права вэта ў гэтым органе ААН.

Асобныя краіны, прыкладам, Нідэрлянды, маглі б перасьледаваць канкрэтных асобаў па абвінавачаньні ў ваенных злачынствах ва ўкраінскім канфлікце ў адпаведнасьці з гэтак званым прынцыпам «унівэрсальнай юрысдыкцыі», але задача ўзяцьця пад варту падазраваных можа аказацца невыканальнай, пакуль украінскі ўрад не адновіць кантроль над сэпаратысцкім рэгіёнам.

«Факты, пра якія мы, як нам здаецца, даведаліся ў гэтай сытуацыі, паказваюць, што гэта была ўсё ж памылка, хоць і трагічная. У іх не было намеру забіць гэтых некалькі сотняў цывільных асобаў. Такім чынам, у міжнародным крымінальным праве існуе рэальны разрыў паміж жахам таго, што здарылася, і тым, за што прадбачаная крымінальная адказнасьць», — кажа прафэсар Дэйвід Глэйзэр.

Радыё Свабода, 24 ліпеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/151/26797
Текущая дата: 24.12.2024