Белорусский портал в Казахстане

Аўтобус з беларускімі дзецьмі трапіў у ДТЗ ва Украіне, восемь чалавек загінулі



Аўтобус з беларускімі дзецьмі трапіў у ДТЗ ва Украіне, паведамляе ўпраўленне МНС па Валынскай вобласці.

Паведамляецца таксама, што аварыя здарылася 11 ліпеня ў 7.34 у раёне вёскі Воля-Любітоўская Ковельскага раёна — сутыкнуліся два пасажырскія аўтобусы. "У адным з аўтобусаў, які перавозіў грамадзян Рэспублікі Беларусь на адпачынак у Балгарыю, знаходзіліся 50 чалавек, з іх 40 падлеткаў ва ўзросце да 16 гадоў, восем дарослых і два вадзіцелі, — гаворыцца ў паведамленні. — Другі аўтобус ажыццяўляў перавозку пасажыраў паводле маршруту Луцк — Шацк. Колькасць пасажыраў у аўтобусе ўстанаўліваецца".

Згодна з папярэднімі звесткамі, у выніку аварыі загінулі восем чалавек, адзін з іх беларус 2000 года нараджэння, яшчэ 27 чалавек атрымалі траўмы. Пацярпелыя, сярод якіх 21 грамадзянін Беларусі, шпіталізаваны ў Ковельскую цэнтральную раённую бальніцу.

Паводле інфармацыі МНС Беларусі, арганізатарам паездкі беларускіх дзяцей было ТАА "Кампанія Белфрэш". Аўтобус з пасажырамі адправіўся з Мінска 10 ліпеня прыкладна ў 21.30.

У кампаніі "Белфрэш" паведамілі, што ўсе беларускія турысты, якія трапілі ў ДТЗ, плануюць вярнуцца ў Беларусь. Паводле слоў супрацоўніцы кампаніі, "падрыхтаваны аўтобус на выезд у Беларусь, каб вярнуць тых, хто можа вярнуцца". Тых, хто захоча працягнуць шлях у Балгарыю, будуць адпраўляць ужо пасля іх прыезду ў Беларусь. Кіраўнік кампаніі ўжо выехаў на месца аварыі ва Украіну, расказала супрацоўніца.

Пры гэтым яна адзначыла, што, паводле звестак кампаніі, загінулых сярод беларускіх турыстаў няма.

Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Беларусі арганізавана гарачая лінія для інфармавання і аказання псіхалагічнай дапамогі родным і блізкім па тэлефонах: +375-17-209-27-76, +375-17-209-27-67.

Таццяна Каравянкова, Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 11 ліпеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/162/22139
Текущая дата: 15.11.2024