Белорусский портал в Казахстане

Расія і Казахстан называюць датай канчатковай лібералізацыі рынку транспартных паслуг 2020 год



Аб гэтым 21 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску, прымеркаванай да агульнага сходу членаў Беларускай міжнароднай асацыяцыі аўтамабільных перавозчыкаў, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення стратэгічнага развіцця і знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Сяргей Дубіна.

"Нашы расійскія і казахстанскія калегі да гэтага пытання ставяцца даволі ўважліва і ўсяляк імкнуцца дату канчатковай лібералізацыі адцягнуць, агучваючы 2020 год", - расказаў ён, адзначыўшы, што беларускі бок гэта не задавольвае. Спецыяліст дадаў, што ў бліжэйшы час транспартнае ведамства мае намер акцэнтаваць намаганні на вырашэнні гэтых праблем і вынесці іх на далейшае абмеркаванне.

"Адна справа, калі перагаворы вядуць на дзяржаўным узроўні, але тут важна тое, што такія ініцыятывы падтрымлівае бізнес: за спінай органаў дзяржкіравання стаяць тысячы перавозчыкаў", - падкрэсліў Сяргей Дубіна. Ён нагадаў, што ў красавіку Беларусь і Казахстан падпісалі пратакол, які ўносіць змяненні ў дзеючае міжурадавае пагадненне аб міжнародных аўтазносінах ад 2004 года. Дакумент накіраваны на паэтапнае зняцце абмежаванняў, звязаных з дзеяннем дазвольнай сістэмы ва ўзаемаадносінах з Казахстанам і ў рамках АЭП у цэлым. Пасля правядзення неабходных унутрыдзяржаўных працэдур у абедзвюх краінах дазвольная сістэма паміж Беларуссю і Казахстанам на выкананне грузаперавозак у двухбаковых і транзітных перавозках будзе адменена. "Гэта будзе першы этап у рамках АЭП па лібералізацыі аўтаперавозак. Наша галоўная задача - пашырыць дзеянне бездазвольнай сістэмы на трэція краіны", - сказаў намеснік начальніка ўпраўлення.

Старшыня "БАМАП" Мікалай Баравы заўважыў, што раней на вышэйшым дзяржаўным узроўні перад аўтамабільнымі перавозчыкамі была пастаўлена задача да канца 2015 года выйсці на павелічэнне экспарту транспартных паслуг у 2,5 раза да ўзроўню мінулай пяцігодкі, што завяршылася ў 2010 годзе. "Гэта значыць, мы павінны выйсці на лічбу прыблізна $1,5 млрд. Для дасягнення такіх параметраў трэба сур`ёзна папрацаваць", - упэўнены ён.

Мікалай Баравы звярнуў увагу на тое, што сярод праблем, якія ўплываюць на развіццё грузаперавозак, - квоты, што ўстанаўліваюцца на грузаперавозкі ў міжнародных зносінах. "Гэта інструмент эфектыўнасці, які прымяняецца транспартнікамі для зніжэння сваіх затрат і павышэння канкурэнтаздольнасці, - вось чаму за дазволы ідзе такая барацьба", - растлумачыў ён. "Беларусь вітае лібералізацыю не па двухбаковаму, а па прынцыпу ўніверсальных дазволаў. Мы не ствараем перашкод такім перавозкам", - заўважыў кіраўнік "БАМАП", прызнаўшы, што палеміку з замежнымі партнёрамі весці даволі цяжка.

Старшыня асацыяцыі таксама звярнуў увагу на тое, што цяпер бізнес пастаўлены ва ўмовы жорсткай канкурэнцыі. "Тут у нас няма падтрымкі. На рынку транспартных паслуг усё свабодна: тыя, у каго добрая дзелавая рэпутацыя, надзейнасць, сучасны рухомы састаў, лепшыя кваліфікаваныя кадры, маюць права канкурыраваць з сусветнымі кампаніямі. На рынку сотні тысяч прадпрыемстваў, мільёны аўтамабіляў - калі ласка, даказвай, што ты лепшы. Табе дадуць магчымасць і вызваляць нішу, калі ты можаш працаваць эфектыўна", - канстатаваў Мікалай Баравы.

21 мая 2013, Мінск
Таццяна Іванюк - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/164/21236
Текущая дата: 26.11.2024