Белорусский портал в Казахстане

Бяспека - без слухавак і тэлефона. БЧ заклікае захоўваць правілы пры пераходзе праз пуці



Беларуская чыгунка заклікае строга захоўваць правілы бяспекі пры пераходзе праз пуці, паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ.

З пачатку года на Беларускай чыгунцы 43 чалавекі атрымалі невытворчыя траўмы, 30 з іх загінулі. Пры расследаванні гэтых здарэнняў устаноўлена, што ў шэрагу выпадкаў са смяротным канцом пацярпелыя дарослыя і падлеткі пры пераходзе чыгуначных пуцей карысталіся слухаўкамі і мабільнымі тэлефонамі. Па гэтай прычыне яны не звярнулі ўвагі на падыходзячы састаў і не пачулі сігналаў.

Беларуская чыгунка заклікае грамадзян быць больш уважлівымі на аб`ектах чыгуначнага транспарту і нагадвае аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правіл пераходу чыгуначных пуцей або знаходжанні на іх у неналежным месцы.

"Беражыце сябе, будзьце ўважлівымі! Памятайце, што выкананне простых правіл бяспекі на аб`ектах чыгуначнага транспарту можа захаваць жыццё вам і вашым блізкім", - падкрэслілі на БЧ і яшчэ раз заклікалі зняць слухаўкі і не карыстацца тэлефонамі пры пераходзе пуцей.

20 чэрвеня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/17/69816
Текущая дата: 15.11.2024