Белорусский портал в Казахстане

Велагаражоў у Мінску стане яшчэ больш



Па выніках інтэрнэт-апытання гараджан адносна іх зацікаўленасці ў стварэнні велагаражоў у дварах, якое спецыялісты ЖКГ праводзілі сёлетняй вясной, 120 чалавек не толькі падтрымалі гэтую ідэю, але і гатовыя фінансава паўдзельнічаць у будаўніцтве канструкцый, паведамляецца ў тэлеграм-канале «ЖКГ Мінск афіцыйна».

Работнікі мясцовых жыллёвых службаў абследавалі дваровыя тэрыторыі, каб выявіць, ці ёсць вольныя месцы для ўладкавання велагаражоў з улікам вытрымлівання нормаў аддаленасці ад падземных камунікацый і іншых фактараў, расказала намеснік генеральнага дырэктара Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Настасся Вараб’ёва:

— З жыхарамі правялі сходы і пакватэрныя апытанні, каб разумець, колькі чалавек у доме актыўна карыстаюцца двухколавым транспартам і ці пагодзяцца яны на прапанаваныя ўмовы. Вынікі паказалі, што ў мінскіх дварах можна зрабіць 47 велагаражоў на 787 месцаў.

Вясной 2022-га ў Мінску налічвалася 22 велагаражы на 696 месцаў, а ўжо напачатак лета бягучага года — 36 велагаражоў на 928 месцаў.

Ірына Сідарок
Звязда, 10 ліпеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/17/70063
Текущая дата: 15.11.2024