Белорусский портал в Казахстане

Пяць пацыентаў застаюцца ў вельмі цяжкім стане пасля ДТЗ у Смалявіцкім раёне



Пра гэтапаведаміў намеснік галоўнага ўрача па хірургіі гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска Ігар Шыманскі.

«На сёння з дзевяці пацярпелых пяць чалавек знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане. З іх трое — у нас у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі: двое мужчын і адна дзяўчына», — сказаў Ігар Шыманскі.

Ён адзначыў, што ва ўсіх пацярпелых мноства траўм — чэрапна-мазгавыя, траўмы грудной і брушной поласці, пераломы ніжніх канечнасцяў. Па словах намесніка галоўнага ўрача, лячэнне такіх пацыентаў — працэс доўгі.

«Калі браць толькі пераломы канечнасцяў, гэта як мінімум 2-3 месяцы, а то і паўгода неабходна, каб наступіла зрашчэнне. А тут жа і чэрапна-мазгавая, і траўма органаў брушной поласці, — сказаў Ігар Шыманскі. — Вынікі лабавога сутыкнення можна прыраўноўваць да выбухной траўмы, калі ў арганізме руйнуецца вельмі многае. Таму і столькі чалавек загінулі на месцы ад рэзкага ўдару».

Намеснік галоўнага ўрача заўважыў, што папярэдніх прагнозаў па зыходзе лячэння пацыентаў даваць рана, але ўрачы робяць усё магчымае, каб яны паправіліся. «Сёння дваіх пацыентаў мы бралі на аперацыі. Іх яшчэ чакаюць аперацыі па лячэнні пераломаў, але ў больш адтэрмінаванай перыядзе, калі яны будуць стабілізаваны па агульным стане», — дадаў ён.

Ігар Шыманскі адзначыў, што штодня па некалькі разоў на дзень праводзяцца кансіліумы, на якіх абмяркоўваецца і стан, і тактыка далейшага абследавання, лячэння пацыентаў, у прыватнасці, выкананне этапных аператыўных умяшанняў. Сёння праходзіў кансіліум пад кіраўніцтвам міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча.

«Акрамя вызначэння тактыкі лячэння пацыентаў, мы абмяркоўвалі пытанні па магчымай лагістыцы аказання медыцынскай дапамогі пры такіх масавых здарэннях. На памяці такіх буйных ДТЗ, каб адначасова пацярпела столькі чалавек, у краіне не было даўно», — адзначыў Ігар Шыманскі.

Звязда, 22 лютага 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/21/68499
Текущая дата: 25.12.2024