Жыхар Мінскага раёна прыгавораны да 13 гадоў пазбаўлення волі за акт тэрарызму, незаконны абарот агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў і іншыя злачынствы, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Мінскай вобласці.
Абвінавачаны ноччу з 24 на 25 сакавіка 2022 года на перагоне Навасады — Барысаў, паблізу вёскі Стайкі Барысаўскага раёна, падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнай блакоўкі, у выніку чаго прыборы і элементы прыйшлі ў непрыгодны для эксплуатацыі стан.
З-за дзеянняў абвінавачанага парушыўся рух транспартных сродкаў чыгуначнага транспарту – адбылася затрымка 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. Пры гэтым, падкрэслілі ў пракуратуры, была рызыка, што могуць узнікнуць транспартныя здарэнні з іх наступствамі. Гэта значыць, што фігурант сваімі дзеяннямі стварыў рэальную пагрозу гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў, іншых цяжкіх наступстваў у выглядзе крушэння, аварыі рухомага саставу, прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю і інш.
У ходзе папярэдняга следства ў абвінавачанага выяўлены і канфіскаваны два пісталеты і боепрыпасы да іх — па выніках экспертыз пісталеты прызнаны агнястрэльнай зброяй.
Акрамя таго, 14 і 21 жніўня 2020 года, а таксама 1 сакавіка 2022 года фігурант размясціў у інтэрнэце паведамленні з відавочна негатыўнай ацэнкай кіраўніка беларускай дзяржавы, якія зневажаюць яго гонар і годнасць.
Што тычыцца пакарання, жыхар Мінскага раёна будзе адбываць яго ў калоніі асаблівага рэжыму. Сродкі здзяйснення злачынстваў – аўтамабіль Peugeot Partner і мабільны тэлефон iPhone, якія належалі абвінавачанаму, канфіскаваныя ў даход дзяржавы.
Прысуд не набыў законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Звязда, 9 студзеня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/22/67849
Текущая дата: 15.11.2024