Белорусский портал в Казахстане

На БЧ з 15 снежня стартуе акцыя «Дзеці і бяспека»



З 15 па 25 снежня 2022 года Беларуская чыгунка праводзіць комплекс мерапрыемстваў «Дзеці і бяспека», які накіраваны на папярэджанне і прафілактыку дзіцячага траўматызму і гібелі непаўналетніх на аб’ектах чыгуначнага транспарту, паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ.

«Традыцыйна ў перыяд правядзення акцыі работнікі Беларускай чыгункі сумесна з членамі грамадскіх фармаванняў, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў правядуць рэйды, падчас якіх удзеляць асаблівую ўвагу дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без нагляду дарослых паблізу чыгуначных пуцей, на вакзалах, станцыях і ў паяздах. На вакзалах і ў паяздах таксама будзе арганізавана дадатковае інфармаванне грамадзян аб мерах бяспекі пры знаходжанні на аб’ектах чыгуначнага транспарту. Работа па папярэджанні няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх на аб’ектах чыгуначнага транспарту праводзіцца на Беларускай чыгунцы рэгулярна і знаходзіцца на асаблівым кантролі», — расказалі ў прэс-цэнтры.

Паводле інфармацыі БЧ, за 11 месяцаў 2022 года на чыгунках пацярпелі пяцёра непаўналетніх (два дзіцяці загінулі). Усяго за гэты перыяд адбылося 86 выпадкаў невытворчага траўматызму, што на 10 выпадкаў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Колькасць пацярпелых у бягучым годзе склала 88 чалавек. У студзені — лістападзе 2021 года пацярпелі 96 чалавек, з якіх чацвёра непаўналетніх (адно дзіця загінула).

Беларуская чыгунка заклікае быць больш уважлівымі на аб’ектах чыгуначнага транспарту: не пакідаць дзяцей адных і не дазваляць ім гуляць паблізу чыгуначных пуцей, не хадзіць па чыгуначных пуцях, не пераходзіць іх у неўстаноўленых месцах.

Звязда, 14 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/24/67462
Текущая дата: 25.12.2024