Белорусский портал в Казахстане

Беларускі экіпаж стаў чацвёртым на стартавым этапе ралі «Шаўковы шлях»



У Томску стартаваў 14-ы Міжнародны ралі-марафон «Шаўковы шлях» з удзелам экіпажаў беларускай каманды «МАЗ-СПОРТаўта».

На першым этапе транскантынентальнага ралі-марафону гоншчыкі пераадолелі 25-кіламетровы спецучастак. У заліку грузавікоў беларускі экіпаж Сяргея Вязовіча, які з’яўляецца дзеючым пераможцам ралі, паказаў у пралогу чацвёрты вынік. Тры верхнія радкі занялі прадстаўнікі расійскай каманды «КАМАЗ-Майстар», лепшы час — у экіпажа пад кіраваннем Багдана Карымава, якому Вязовіч саступіў 68 секунд. У дзясятку трапілі яшчэ два грузавікі «МАЗ-СПОРТаўта»: Аляксей Вішнеўскі стаў 6-м, Віталь Мурылёў замкнуў топ-10.

«Для пралогу выдатны праезд, я лічу, чысты. Нідзе не паслізнуліся, нідзе не страцілі час, хоць на старце было вельмі слізка, чаго мы не чакалі, — сказаў Сяргей Вязовіч. — Нас панесла на дрэва, я думаў, што задену яго задняй часткай, але ў выніку толькі трэснула лабавое шкло. Дзейнічалі акуратна, падкідаў і лужын было вельмі шмат. Для грузавіка вузка, нізка, звіліста і рэальна забойна».

У 2024 годзе ралі «Шаўковы шлях» складаецца з 11 этапаў, міжнародны марафон завершыцца 15 ліпеня ў сталіцы Манголіі Улан-Батары. Маршруты этапаў пройдуць таксама ў Алтайскім краі, Рэспубліцы Алтай, Заходняй Манголіі і пустыні Гобі. На ралі заяўлены ўдзельнікі з 13 краін, пераможцы вызначацца ў заліках грузавікоў і пазадарожнікаў, а таксама сярод матацыклістаў і квадрацыклістаў. Экіпажам трэба будзе перасекчы розныя прыродныя зоны: ад тайгі і горных перавалаў да раёнаў вечнай мерзлаты і гарачых пустыняў.

«Мы едзем на новым грузавіку, нам удалося скончыць усе працы да пачатку ралі, усё ў нас у парадку. Наладжваць будзем толькі стратэгію супраць сваіх супернікаў, у тэхнічным плане каманда гатовая. "КАМАЗ-майстар" пераўзыходзіць нас у колькасці, і мне даводзіцца ўвесь час перажываць, як бы не здзейсніць памылку, што гуляе на руку супернікам, якія аберагаюць вынік. Мы спрабуем разгадаць іх тактыку, але гэта няпроста», — паведаміў Вязовіч на прэс-канферэнцыі.

Заўтра гоншчыкаў чакае пераезд з Томска ў Барнаул і два спецучастка агульнай працягласцю 180 кіламетраў, маршрут будзе праходзіць па грунтавых дарогах з ярамі і пералескамі.

Звязда, 5 ліпеня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/3/74623
Текущая дата: 15.11.2024