У Мінску на скрыжаванні Партызанскага праспекта з вуліцай Ангарскай пры выездзе з горада будзе новая схема арганізацыі дарожнага руху, паведамляе Telegram-канал УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
Тут рыхтуецца да адкрыцця новы транспартны вузел, які прадугледжаны для камфортнай пасадкі і высадкі пасажыраў гарадскога і прыгараднага транспарту. Згодна з праектам на скрыжаванні падзялілі зоны прыпынку гарадскога грамадскага транспарту і прыгарадных маршрутак. Пры выездзе з горада паласу для грамадскага транспарту канструктыўна аддзялілі ад іншых палос для руху. У зоне для прыгараднага транспарту арганізавалі спецыяльную пляцоўку для пасадкі і высадкі пасажыраў транспартных сродкаў. Пра змены ў арганізацыі дарожнага руху мінчан і гасцей сталіцы інфармуе спецыяльны шчыт, на якім пазначаны месцы заезду.
Акрамя таго, для забеспячэння бяспекі пасажыраў і пешаходаў унутры транспартнага хаба ўстаноўлены металічныя агароджы, а пешаходныя пераходы арганізаваны ў пачатку і ў канцы зоны і пазначаныя адпаведнай дарожнай разметкай.
Партызанскі праспект – магістраль з высокай інтэнсіўнасцю руху. На думку экспертаў, уладкаванне транспартнага хаба дасць магчымасць упарадкаваць рух асабістага і грамадскага транспарту, выключыць масавыя парушэнні правілаў прыпынку і стаянкі і канфліктныя сітуацыі, якія ўзнікаюць пры манеўрах перастраення, а таксама павысіць прапускную здольнасць і бяспеку дарожнага руху.
Комплекс рэканструктыўных мерапрыемстваў узгоднены з УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама і рэалізаваны структурнымі падраздзяленнямі Мінгарвыканкама, у прыватнасці ДП «Гардарбуд».
Звязда, 8 траўня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/30/64810
Текущая дата: 25.12.2024