Сёлета пакатацца на цеплаходзе па Аўгустоўскім канале можна было ажно да сярэдзіны лістапада.
Тыдзень таму было абвешчана аб закрыцці навігацыі на шлюзе Дамброўка — цеплаходы сышлі на адпачын. І ён ім, дарэчы, вельмі неабходны, паколькі летам бывалі дзянькі з перапынкамі толькі на сон. У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў з самай раніцы і да позняга вечара.
Ва ўнітарным прадпрыемстве «Гроднамеліяводгас» распавялі, што гэты сезон стаў самым паспяховым у параўнанні з папярэднімі гадамі. Па словах намесніка генеральнага дырэктара арганізацыі Паўла Коханава, амаль усе турысты, якія прыязджалі на Аўгустоўскі канал, былі беларусамі.
Пры гэтым, водную жамчужыну Гродзенскай вобласці наведала значна большая колькасць падарожнікаў, чым у дапандэмійныя 2018-2019 гады. Аказалася, што немалой папулярнасцю карыстаецца ўнутраны турызм, у якога дастаткова перспектыў для развіцця. Каб задаволіць запыты на прагулкі па Аўгустоўскім канале на цеплаходзе, прыйшлося даставіць на шлюз Дамброўка другое судна.
— Сёлета на Аўгустоўскім канале курсавалі два судны. З сакавіка турыстаў катаў цеплаход «Нёман», а праз пару месяцаў на шлюз Дамброўка прыйшло судна з Гродна «Вольга Соламава». Мы ладзілі катанне турыстычных груп па заяўках, а таксама праводзіліся прагулкі па білетах, якія можна было набыць на месцы. Як правіла, індывідуальнае катанне часцей за ўсё арганізоўваліся па выходных і ў святочныя дні. На цеплаход «Нёман» маглі трапіць да 50 чалавек, а «Вольга Соламава» здольная катаць адразу 80 пасажыраў, — растлумачыў суразмоўнік.
Зараз навігацыя на канале не адбываецца, але шлюзы Аўгустоўскага канала не пустуюць. Тут круглы год бываюць госці, паколькі адна з галоўных прычын, па якой сюды прыязджаюць турысты — гэта прыгажосць прыроды і гістарычная каштоўнасць старадаўніх гідратэхнічных збудаванняў. Шлюзам Аўгустоўскага канала, нагадаем, амаль дзве сотні гадоў.
У «Гроднамеліявадгасе» звярнулі ўвагу, што гісторыка-культурны аб’ект знаходзіцца пад асаблівым наглядам спецыялістаў. Справа ў тым, што летась Аўгустоўскі канал згодна з пастановай Мінтранса, быў уключаны ва ўнутраныя водныя шляхі Рэспублікі Беларусь. Эксперты сцвярджаюць, што гэта, перш за ўсё, сыход ад статусу мясцовага вадаёма. Заключаны дагавор з Дзяржаўнай адміністрацыяй воднага транспарту на абслугоўванне ўсіх гідратэхнічных збудаванняў, абслугоўванне праходу і шлюзаванне судоў з боку Польшчы і Літвы. Сёлета праводзіліся работы па замене суднавай брамы — на шлюзах Валкушак і Нямнова. Аказалася, што вароты, якія амаль заўсёды знаходзяцца пад вадой, знасіліся. Іх давялося аператыўна аднавіць.
Кожны год таксама праводзіцца чыстка Аўгустоўскага канала. Лодка чаротакасілка ачышчае берагі воднай артэрыі ад залішняй расліннасці. Справа ў тым, што яны могуць перашкаджаць суднаходству, як цеплаходам, так і маламерным судам. Выкошванне паляпшае знешні выгляд канала, паскарае цячэнне, ачышчае ваду.
Дарэчы, абнаўляюцца не толькі водныя шляхі Аўгустоўскага канала, але і дарогі, якія вядуць да шлюзаў. Так, у гэтым годзе быў абноўлены жвіровы ўчастак, які перасякае Аўгустоўскі канал. Зараз па шляху мясцовага значэння Н-6054, які злучае Свяцк — Васілевічы — Асташу — Кадыш, можна ехаць з камфортам. Уладкавана асфальтабетоннае пакрыццё, пабудаваныя аўтобусныя прыпынкі, роварныя дарожкі, замененыя водапрапускныя трубы, усталяваны новыя дарожныя знакі.
Пра веласіпедныя дарожкі на Аўгустоўскі канале ўжо пісалі больш падрабязна, але менавіта яны нават у халаднаватую лістападаўскую пару папулярныя ў беларусаў. На працяглых маршрутах уздоўж воднай артэрыі або на сцяжынках, якія сыходзяць у лес, да гэтага часу сустракаюцца спартсмены-бегуны, маці з каляскамі або нястомныя роварааматары.
Аўтар: Аліса Скіба
Звязда, 28 лістапада 2021
Звязда, 28 лістапада 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/38/61886
Текущая дата: 16.11.2024