Белорусский портал в Казахстане

Ва Уздзенскім раёне пенсіянер на аўто наехаў на ўнучку, дзяўчынка загінула



Ва Уздзенскім раёне пенсіянер наехаў на аднагадовую ўнучку, дзяўчынка памерла. Пра гэта паведамляе УДАІ УУС Мінаблвыканкама.

Высветлілася, што 74-гадовы мясцовы жыхар выязджаў заднім ходам на сваім аўтамабілі з двара. Пенсіянер не пераканаўся ў бяспецы манеўру і наехаў на аднагадовую ўнучку, якая гуляла на вуліцы каля дома. Дзяўчынка ад атрыманых траўмаў памерла на месцы здарэння. Кіроўца быў цвярозым.

За парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартнага сродку, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, у дачыненні да кіроўцы распачата крымінальная справа.

«Бяспека дзяцей у першую чаргу залежыць ад бацькоў. Гуляючы, юныя ўдзельнікі дарожнага руху, нярэдка забываюць пра асцярожнасць, таму вадзіцелям варта быць больш асцярожнымі, а бацькам — штодня нагадваць дзецям аб правілах бяспечных паводзін на дарозе. Пастаянна кантралюйце вольны час і месцазнаходжанне сваіх дзяцей. Не пакідайце іх без нагляду і сачыце, каб дзеці не гулялі паблізу праезнай часткі. Памятаеце, што дзеці вельмі рухомыя і імпульсіўныя, многія яшчэ не ўмеюць прадбачыць небяспеку і правільна ацэньваць дарожную сітуацыю», — нагадалі ва УДАІ.

Звязда, 15 траўня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/4/74120
Текущая дата: 23.12.2024