У 2021 годзе Дзіцячая чыгунка працавала з мая па верасень, за гэты час было перавезена больш за 36 тысяч пасажыраў, паведамляе прэс-цэнтр БЧ.
З мэтай захавання здароўя юных пасажыраў, прафілактыкі распаўсюджвання вірусных інфекцый, а таксама стварэння камфортных умоў праезду ў вагонах было прадугледжана рассаджванне з улікам сацыяльнай дыстанцыі. Акрамя таго, рэгулярна праводзілася санітарная апрацоўка рухомага саставу.
На станцыі Заслонава адбылася ўрачыстая лінейка, прысвечаная заканчэнню гадовай цягніковай практыкі. Падчас урачыстасці ўсе змены далажылі аб гатоўнасці, а затым адбылося ўзнагароджанне найлепшых. Чацвярым выхаванцам малой Беларускай чыгункі ўручылі Ганаровыя граматы УП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі» за высокія паказчыкі тэарэтычнага і практычнага навучання, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і асабісты ўклад у развіццё дзіцячай чыгункі. Акрамя таго, тых юных чыгуначнікаў, якія набольш адзначыліся, ушанавалі граматамі і нагруднымі значкамі «Найлепшы па прафесіі» ў намінацыях «Найлепшы машыніст», «Найлепшы дзяжурны па станцыі», «Найлепшы пуцеец» і «Найлепшы праваднік», а таксама нагрудным знакам «Выдатнік дзіцячай чыгункі».
У 2021 годзе 45 юнакоў і дзяўчат завяршылі навучанне на Дзіцячай чыгунцы імя К. С. Заслонава. З іх 15 хлопчыкаў і дзяўчынак паступілі ў чыгуначныя навучальныя ўстановы, каб у далейшым звязаць свой лёс з чыгуначным транспартам.
З кастрычніка Дзіцячая чыгунка імя К. С. Заслонава запрашае вучняў 5-7 класаў у гурток «Юны чыгуначнік». Навучанне праводзіцца бясплатна ў навучальным цэнтры ДЧ. У працэсе тэарэтычнага навучання дзяцей знаёмяць з асноўнымі чыгуначнымі дысцыплінамі. Заняткі праводзяцца ў спецыялізаваных навучальных класах з найноўшымі тэхнічнымі прыладамі, трэнажорамі, макетамі, мультымедыйным камп’ютарным абсталяваннем.
Сяргей Расолька
Звязда, 27 верасня 2021
Звязда, 27 верасня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/42/60691
Текущая дата: 16.11.2024