Белорусский портал в Казахстане

З 17 па 19 чэрвеня МУС правядзе спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Пасажыр»



З 17 па 19 чэрвеня Мінскім аддзелам унутраных спраў на транспарце будзе праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Пасажыр».

Пад кантроль праваахоўных органаў трапяць цягнікі міжнародных, міжрэгіянальных, рэгіянальных і гарадскіх ліній. Як адзначае намеснік начальніка Мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце падпалкоўнік міліцыі Вадзім Грыб, асноўная задача дадзенага мерапрыемства — зніжэнне ўзроўню злачыннасці на рухомых саставах, забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян. 

Мінскі аддзел унутраных спраў на транспарце нагадвае:

— не пакідайце асабістыя рэчы без нагляду падчас чакання цягніка, стаянак, наведвання вагона-рэстарана і іншых месцаў, не давярайце іх выпадковым знаёмым і спадарожнікам, перад прыбыццём на канцавы пункт праверце наяўнасць сваіх рэчаў, а пры выхадзе з вагона не пакідайце ў купэ багаж нават на кароткі час; 

— не выкладайце ў лёгкадаступным месцы на віду іншых людзей дакументы, грошы, тэлефоны і іншыя каштоўныя рэчы;

— не кладзіце ўсе грашовыя сродкі ў адно месца, грошы для дробных расходаў трымайце асобна ад буйной сумы;

— у начны час не забывайце зачыняць купэ на замок-сакрэтку;

— абмяжуйце выкарыстанне мабільнага тэлефона і іншых электронных прылад падчас паездкі, поўнасцю зарадзіце прыладу перад паездкай, пры выкарыстанні агульнадаступных разетак для падзарадкі не пакідайце гэтыя прылады без нагляду;

— у прыгарадных цягніках у вячэрні і начны час размяшчайцеся ў добра асветленых вагонах, у якіх ёсць пасажыры, або ў галаўным вагоне саставу, дзе ў выпадку небяспекі вы зможаце звярнуцца па дапамогу да машыніста;

— не ўжывайце падчас паездкі алкаголь, пад яго ўздзеяннем вы рызыкуеце заснуць, і тады ваша маёмасць можа стаць лёгкай здабычай.

Аднак не варта забываць, што каб не стаць ахвярай злачынцы, самім пасажырам неабходна заставацца пільнымі ў адносінах да ўласнай маёмасці.

Вераніка Канюта
Звязда, 16 чэрвеня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/45/59740
Текущая дата: 16.11.2024