Такую інфармацыю размясціла ў сваім Telegram-канале афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава.
1 студзеня каля 16:30 на лінію 102 Баранавіцкага ГАУС паступіла паведамленне аб тым, што па вуліцы Даменікана рухаецца аўтамабіль «Форд Транзіт», якім кіруе, як мяркуецца, п’яны кіроўца. «Экіпаж ДАІ ў лічаныя хвіліны выявіў паказаны транспартны сродак. Аднак яго кіроўца не падпарадкаваўся неаднаразовым патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі аб прыпынку і паспрабаваў уцячы, ствараючы пры руху рэальную пагрозу жыццю і здароўю грамадзян», — распавялі ў ДАІ.
На выездзе з горада інспектарам давялося зрабіць некалькі папераджальных стрэлаў у паветра, а затым па колах «Форда». Толькі так атрымалася спыніць парушальніка.
За рулём аказаўся 39-гадовы мінчанін з візуальнымі прыкметамі ап`янення. Пазней гэта пацвердзілася пры медыцынскім аглядзе — 3,2 праміле алкаголю ў парах выдыханага паветра. Пры затрыманні мужчына аказаў непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, адмаўляўся выйсці з машыны. У выніку міліцыянты ўжылі да парушальніка фізічную сілу і надзелі на яго кайданкі.
У салоне таксама знаходзіўся і нецвярозы уладальнік «Форда» — 35-гадовы жыхар Мінскай вобласці.
У дачыненні да кіроўцы складзеныя некалькі пратаколаў, у тым ліку за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, невыкананне неаднаразовых патрабаванняў супрацоўнікаў ДАІ аб спыненні і непадпарадкаванне законным патрабаванням праваахоўнікаў.
Звязда, 2 студзеня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/51/57998
Текущая дата: 16.11.2024