Белорусский портал в Казахстане

БЧ забяспечыла пропуск і апрацоўку першага поўнасастаўнага кантэйнернага поезда з Японіі ў Еўропу



Аб гэтым паведамілі ў прэс-цэнтры Беларускай чыгункі.

Беларуская чыгунка забяспечыла пропуск і тэрмінальную апрацоўку першага поўнасастаўнага кантэйнернага поезда з Японіі ў краіны Заходняй Еўропы па сумесным праекце РЧ, БЧ, АТ "РЧ Лагістыка" і транспартнай групы FESCO. 

Кантэйнеры з японскіх партоў Хаката, Кобэ, Таяма, Іакагама з шырокай наменклатурай грузаў былі адпраўлены марскім сэрвісам FESCO ва Уладзівастоцкі марскі гандлёвы порт для фарміравання кантэйнернага поезда. Кантэйнерны поезд 18 лістапада адправіўся па Транссібірскай магістралі па маршруце Уладзівасток - Брэст і далей у пункты прызначэння ў Еўропе (Бельгія, Нідэрланды, Германія, Польшча).

"Беларуская чыгунка забяспечыла своечасовы пропуск кантэйнернага поезда з японскімі грузамі па сваёй інфраструктуры менш як за 12 гадзін. На кантэйнерным тэрмінале станцыі Брэст-Паўночны былі перагружаны кантэйнеры на платформы заходнееўрапейскай каляіны, аформлены мытныя дакументы і пройдзены іншыя віды кантролю. Састаў 28 лістапада быў здадзены польскаму перавозчыку, які арганізуе яго перамяшчэнне па чыгунках Еўропы", - расказалі ў прэс-цэнтры.

Як падкрэслілі ў БЧ, новы лагістычны сэрвіс дае магчымасць удвая скараціць час у дарозе. Дастаўка грузаў ад партоў Японіі да партоў Еўропы праз Суэцкі канал займае ў сярэднім 50 сутак.

Беларуская чыгунка ў супрацоўніцтве з РЧ рэалізуе сумесныя праекты, накіраваныя на развіццё кантэйнерных сэрвісаў. "У 2020 годзе БЧ і РЧ па праекце "ІНТЭРТРАН" арганізавалі першую транзітную інтэрмадальную перавозку кантэйнераў у лічбавым фармаце. 3 верасня на станцыю Калядзічы прыбылі кантэйнеры, адпраўленыя з кітайскага порта Нінбо праз Уладзівасток у Беларусь", - адзначылі ў прэс-цэнтры.

Таксама Беларуская чыгунка ў супрацоўніцтве з РЧ і НК "Казахстан тэмір жалы" працуе над павышэннем транзітнай прывабнасці і прыцягненнем дадатковых патокаў у рамках сэрвісаў кампаніі АТ "ОТЛК ЕРА". За 10 месяцаў 2020 года транзіт склаў больш за 400 тыс. кантэйнераў у дваццаціфутавым эквіваленце (ДФЭ), што ў 1,7 раза больш, чым за аналагічны перыяд папярэдняга года.

"З улікам дынамічнага росту аб`ёмаў кантэйнерных перавозак Беларуская чыгунка з удзельнікамі рынку транспартных паслуг мэтанакіравана развівае маршруты перавозак праз беларуска-польскія пагранічныя пераходы і стварае новыя. Так, БЧ з кастрычніка 2020 года забяспечыла пропуск кантэйнерных паяздоў праз беларуска-польскі пагранпераход Брузгі/Кузніца Беластоцкая ў напрамку Кітай - Еўропа - Кітай", - дадалі ў прэс-цэнтры.

30 лістапада 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/53/57310
Текущая дата: 16.11.2024