Белорусский портал в Казахстане

МЗС Беларусі накіравала ноту расійскаму боку ў сувязі з сітуацыяй на граніцы



Міністэрства замежных спраў Беларусі накіравала ноту расійскаму боку ў сувязі з сітуацыяй на граніцы. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

"У кантакце з расійскім бокам мы спрабуем высветліць сітуацыю, - падкрэслілі ў прэс-службе. - Міністэрства замежных спраў таксама накіравала адпаведную ноту з просьбай удакладніць, ці сапраўды зменены парадак перасячэння граніцы".

Як расказаў прэс-сакратар пасольства Беларусі ў Расійскай Федэрацыі Алег Мазура, у сувязі са змененым сёння парадкам перасячэння беларуска-расійскай граніцы пасольства аператыўна правяло кансультацыі з кіраўніцтвам Пагранкамітэта па Смаленскай вобласці, Міністэрствам замежных спраў і ФСБ Расіі.

Паводле атрыманай інфармацыі, расійскі бок сёння сапраўды ўзмацніў кантроль перасячэння граніцы па персаніфікаваным уліку грамадзян як Расіі, так і Беларусі ў мэтах кантролю адпаведных катэгорый грамадзян, якія ўязджаюць і выязджаюць, у рамках выканання распараджэнняў штаба ўрада Расіі па барацьбе з каранавірусам.

Удакладняецца, што гэта было зроблена ў сувязі з павелічэннем пасажырапатоку, які вырас амаль у два разы з-за пашырэння пераліку льготных катэгорый грамадзян, у адносінах да якіх распараджэннямі ўрада Расіі адменены абмежаванні на перасячэнне граніцы (у сувязі з вучобай, работай, лячэннем, доглядам блізкіх сваякоў і г.д.).

Як запэўніў расійскі бок, сітуацыя выклікана арганізацыйна-тэхнічнымі мерамі і не мае палітычнай падаплёкі. На гэты час расійскі бок прымае меры для павелічэння прапускной здольнасці пагранічных пераходаў і выпраўлення сітуацыі. Пасольства прадоўжыць адсочваць сітуацыю ў цесным кантакце з расійскімі ведамствамі.

31 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/60/54987
Текущая дата: 16.11.2024