Белорусский портал в Казахстане

Суднаходства па Нёмане ад Каўнаса да граніцы з Беларуссю плануюць аднавіць на працягу 5 гадоў



Аб гэтым паведамляе літоўская тэлерадыёкампанія LRT.

На працягу бліжэйшых пяці гадоў Літва плануе расчысціць рэчышча Нёмана ўверх ад Каўнаскай ГЭС да граніцы з Беларуссю, а потым аднавіць суднаходства па гэтым маршруце. 

Дырэкцыя ўнутраных вод Літвы паўтара года таму падпісала мемарандум аб развіцці суднаходства з 10 муніцыпалітэтамі краіны. У бліжэйшы час абмяркоўваецца набыццё спецыяльнай тэхнікі для работ. Плануецца, што ачыстка рэчышча Нёмана пачнецца ў красавіку 2021 года.

Паводле слоў кіраўніка дырэкцыі Уладзіміра Вінакурава, на гэтым участку ракі ў міжваенны перыяд хадзілі караблі, але навігацыя была развіта слаба. Некаторыя ўчасткі Нёмана ніколі не ачышчаліся.

Уладзімір Вінакураў расказаў, што Міністэрства транспарту і сувязі Літвы выдзеліла на гэты праект 2,6 млн еўра. Чакаецца, што аднаўленне суднаходства будзе стымуляваць муніцыпальную эканоміку, турызм і прыцягваць інвестыцыі.

15 чэрвеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/62/54127
Текущая дата: 07.10.2024