Мінскі аўтамабільны завод сабраў турыстычны аўтобус спецыяльна для студэнтаў і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Яго салон разлічаны на 44 пасажыры, знайшлося ў ім таксама месца для міні-кухні, прыбіральні і халадзільніка.
Турыстычны МАЗ-251 лічыцца аўтобусам другога пакалення. Яго вылучае сучасны дызайн кузава і святлатэхнікі. Па сваёй канструкцыі і аснашчэнню аўтобус не мае аналагаў у СНД.
Апорны кузаў звараны са сталёвых труб і спецпрофіляў і абліцаваны шклопластыкам, што дазволіла зэканоміць месца, палепшыць цеплаізаляцыю і павысіць даўгавечнасць канструкцый. Пластыкавыя панэлі ашалёўкі ўклеены ў каркас шкла. Прычым у аўтобусе адсутнічаюць профілі накладак на швах.
У турыстычным аўтобусе выкарыстоўваецца рухавік Mercedes-Benz класа Еўра-5 на 360 «коней». Ён ідзе ў пары са шасціступенчатай каробкай перадач ад ZF.
У салоне размясцілі 44 мяккіх крэслы (амаль «раскладанкі») з асобным месцам для гіда. Як і належыць, усярэдзіне працуе магутны кандыцыянер. Для зручнасці аўтобус абсталяваны міні-кухняй, туалетам, халадзільнікам, аўдыё-і відэасістэмамі. Ёсць і ёмісты багажнік — больш чым на 7 «кубаметраў».
«Турыстычны аўтобус прызначаны для далёкіх рэйсаў як унутры краіны, так і за мяжой. Ён адпавядае класу Еўра-5, так што можа свабодна перамяшчацца ў краінах Еўрасаюза. І мы рады, што зараз аўтобус папоўніць аўтапарк педагагічнага універсітэта, а, адпаведна, зможа выкарыстоўвацца для паездак студэнтаў і выкладчыкаў», — адзначаюць у ААТ «МАЗ».
У цырымоніі ўрачыстай перадачы аўтобуса студэнтам і выкладчыкам прынялі ўдзел гендырэктар холдынгу «БелаўтаМАЗ» Валерый Іванковіч і рэктар БДПУ Аляксандр Жук.
Надзея Нікалаева
Звязда, 3 ліпеня 2020
Звязда, 3 ліпеня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/62/54413
Текущая дата: 16.11.2024