Падрабязнасці гэтай крымінальнай гісторыі паведаміла МУС.
25-гадовы пацярпелы пазнаёміўся са сваімі крыўдзіцелямі ноччу на чыгуначным вакзале ў Магілёве. Хлопец збіраўся ехаць у Мінск на работу, а кампанія — на дачу ў Клічаўскі раён. Перад адпраўленнем, акрамя білетаў на цягнік, было вырашана купіць спіртное. У гонар знаёмства выдаткі ўзяў на сябе пацярпелы.
У шляху пасажыры выйшлі ў тамбур пакурыць. З-за моцнага ап’янення магілёвец не заўважыў, як адзін з хлопцаў выцягнуў у яго з задняй кішэні штаноў 25 рублёў. Затым усе вярнуліся ў купэ, і пацярпелы задрамаў. Гэтым скарысталася іншая ўдзельніца застолля — дзяўчына дастала з унутранай кішэні курткі кашалёк, забрала адтуль больш за 200 рублёў і вярнула партманэ.
Троіца пакінула цягнік на станцыі Нясета, а ачуняўшы пазней малады чалавек, не знайшоўшы грошай, патэлефанаваў у міліцыю.
Праваахоўнікі вывучылі запісы з камер відэаназірання і апыталі заяўніка, што дазволіла ўстанавіць асобы падазраваных. Даведаліся, дзе яны знаходзяцца і выехалі на месца. Да таго часу частка выкрадзенага была патрачана на куплю спіртнога і прадуктаў харчавання ў вясковай краме. Ужо пры аглядзе дачнага дома ўдалося знайсці грошы, што засталіся. Яны былі схаваныя ў падушцы.
Дзеянням падазраваных следчыя далі прававую ацэнку і завялі крымінальныя справы па факце крадзяжу. Вядома, што хлопец і дзяўчына раней неаднаразова прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за аналагічныя злачынствы, а таксама разбой, наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання і загадзя ілжывы данос.
Сяргей Расолька
Звязда, 16 красавіка 2020
Сяргей Расолька
Звязда, 16 красавіка 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/67/52807
Текущая дата: 16.11.2024