Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка даручыў дапамагчы расіянам вярнуцца з Польшчы на радзіму



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне, даручыў дапамагчы расіянам, якія затрымаліся ў Польшчы, вярнуцца на радзіму.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што краіны ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса закрылі свае граніцы, спрабуючы ўберагчыся ад увозу інфекцыі. На думку Прэзідэнта, такія рашэнні ані не пазбаўляюць ад праблемы і штучна ствараюць сітуацыю, калі чалавек не можа трапіць дамоў.

"Вазьміце расіян, якія сёння ў Польшчы: яны не могуць выехаць у Расію. Калі ля нашых граніц сабралася пэўная колькасць расіян, Ігар Пятровіч, вам персанальнае даручэнне: прыцягвайце каго хочаце, але трэба вывезці расіян з Польшчы і дапамагчы ім дабрацца на радзіму", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі.

"Гэта нядобра, што нашы браты там сядзяць, зразумела, у якой сітуацыі. Трэба ім дапамагчы, як бы ў нас ні складваліся адносіны з расійскімі ўладамі. Людзі ні ў чым не вінаватыя", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён даручыў прыцягнуць да вырашэння гэтага пытання Міністэрства замежных спраў і праваахоўныя структуры. "Няхай дапамогуць расіянам пакінуць Польшчу. Вывезіце іх на радзіму, калі расіяне (улады.) не могуць там разабрацца", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

19 сакавіка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/70/52107
Текущая дата: 16.11.2024