У ходзе рамонту быў зніжаны ціск у трубе і часткова прыпыненая прапампоўка нафты, пра што аператар апавясціў расійскую "Транснафту".
ААТ "Гомельтранснафта Дружба" завяршыла рамонт участка магістральнага нафтаправода "Дружба", пачаты на мінулым тыдні.
"Рамонтныя работы на ўчастку "Мазыр-Брэст-3" нафтаправода "Дружба" завершаны. Прапампоўка нафты ў напрамку Польшчы адноўленая ў поўным аб`ёме", - пацвердзілі ў кампаніі.
Неабходны рамонт
У сераду 15 студзеня стала вядома, што на двух участках нафтаправода пачаўся рамонт, што прывяло да зніжэння аб`ёмаў прапампоўвання сыравіны. Расійскай кампаніі "Транснафта" было паведамлена пра гэта загадзя.
Галоўны інжынер ААТ "Гомельтранснафта Дружба" Андрэй Вярыга растлумачыў, што рамонт нельга назваць маштабным і работы вядуцца строга ў рамках бягучай дзейнасці.
Паводле яго слоў, нафтаправод кожныя шэсць гадоў падвяргаецца сур`ёзнай дыягностыцы, якая дазваляе выяўляць дэфекты трубаправода.
Кампанія, якая праводзіла інспекцыю "Дружбы", рэкамендавала замену труб на 16 участках магістралі. Цяпер дыягностыку трэба будзе правесці і на нафтаправодзе "Унеча - Полацк".
Апошнія праверкі беларускага ўчастка нафтаправода рабіў расійскі офіс кампаніі "Бэйкер Х`юз Тэхналогіі". У папярэдні раз працы на дадзеным участку выконвала кампанія "Транснафта Диаскан", раней - "Розен" з Нідэрландаў.
"Змена кампаній дае нам свежы погляд на новыя падыходы інструментальнага кантролю, часам новыя вынікі", - прызнаў Вярыга.
Прычым папярэдняя дыягностыка на ўчастку паказала дэфармацыйную страту металу ў межах 20%.
"Цяпер мы атрымалі (вынік) страту металу да 40%", - патлумачыў галоўны інжынер прычыну пазапланавага рамонту.
Пазіцыя "Транснафты"
У сваю чаргу расійская кампанія лічыць стан нафтаправода "Дружба" задавальняючым. Гэтая пазіцыя засноўваецца на выніках папярэдняй дыягностыкі даччыным прадпрыемствам кампаніі.
Выяўленыя дэфекты, як лічаць у "Транснафце" не патрабуюць прыпынку прапампоўкі нафты. Пры гэтым расійская кампанія гатовая дапамагчы беларускім партнёрам у ліквідацыі дэфектаў.
У кампаніі таксама пацвердзілі, што беларускі бок уносіў рамонтныя работы ў графік яшчэ ў снежні і накіраваў адпаведнае апавяшчэнне.
Мінск, 20 студзеня 2020
Sputnik
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/73/51399
Текущая дата: 16.11.2024