Іранскі бок прапанаваў сем`ям украінцаў, якія загінулі ў авіякатастрофе каля Тэгерана, па 80 тысяч долараў кампенсацыі. Пра гэта ў каментары "ТСН" заявіў Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, піша інтэрнэт-партал Буквы.
Украінскі лідар распавёў, што ў яго было дзве працяглыя размовы з прэзідэнтам Ірана, у якіх той не раз прасіў прабачэння, абяцаў пакараць вінаватых, а таксама гарантаваў кампенсацыі сем`ям загінуўшых украінцаў.
"Ён сказаў - гэта толькі наша віна, мы зробім усё, каб усе вінаватыя былі пакараныя і будзе кампенсацыя", - распавёў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны нагадаў, што ўкраінскі ўрад выдзеліў па 200 тысяч грыўняў сем`ям загінуўшых. Гэта першая частка агульнай кампенсацыі. Другая будзе ад МАУ праз страхавыя кампаніі.
"Там складаная сітуацыя, страхавым кампаніям нялёгка цяпер з іранскім бокам працаваць, паколькі Іран пад санкцыямі. Выхад ўжо знайшлі, ужо для адной сям`і падрыхтаваныя дакументы. Усе гэтыя дакументы збіраюцца ўручную, праз некаторы час усё будзе выплачана", - растлумачыў ён.
Трэцяя частка - ад Ірана. Пакуль што гаворка ідзе пра суму ў 80 тысяч долараў для адной сям`і, але Украіна на гэта не згодна.
"Адносна іранскага боку - яны прапанавалі адразу 80 тысяч долараў кожнай сям`і кожнага загінулага, але мы на гэта не пагадзіліся. Мне здаецца, што гэта замала. Калі жонка загінулага кажа, што муж быў адзіным карміцелем, а ў яе працы няма і дзіцяці трэба ў інстытут паступаць - 80 тысяч долараў гэта зусім мала. Хоць, вядома, не вымяраецца чалавечае жыццё ніякімі грашыма, але мы будзем ціснуць, каб выплаты былі больш", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Звязда, 3 лютага 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/73/51605
Текущая дата: 27.12.2024