Белорусский портал в Казахстане

Мытнікі пункта пропуску "Аэрадром Орша" будуць выконваць функцыі пагранічнікаў



Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 24 снежня 2019 года №896, якая афіцыйна апублікавана 28 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з пастановай, пералік пунктаў пропуску праз дзяржмяжу, у якіх мытныя органы выконваюць асобныя функцыі органаў памежнай службы, дапоўнены пунктам пропуску "Аэрадром Орша".

У гэтым пункце пропуску мытнікі будуць выконваць функцыі пагранічнага кантролю, пропуску праз дзяржмяжу фізічных асоб і транспарту, санітарна-каранцінны кантроль, кантроль за выкананнем правілаў знаходжання замежнікаў у Беларусі і правілаў транзітнага праезду. Таксама сярод іх функцый - прыняцце рашэнняў аб адмове iншаземцу ва ўездзе і ануляванні візы для ўезду ў Беларусь.

Пастанова ўступае ў сілу з 1 студзеня 2020 года.

Звязда, 28 снежня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/75/51057
Текущая дата: 16.11.2024