Белорусский портал в Казахстане

Суднаходства па Дняпры было добрым праектам, і гэту традыцыю трэба вяртаць



Цікавасць беларускага боку да гэтай тэмы абазначыў 3-га кастрычніка намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка на сустрэчы кіраўнікоў рэгіёнаў Украіны і Беларусі ў Жытоміры.

"Мы вельмі хацелі б, каб той рачны шлях, пра які ўжо столькі сказана, нарэшце пачаў працаваць. Ведаю, што кіраўнік нашай дзяржавы аб гэтым будзе заўтра гаварыць. Аднаўленне суднаходства на рацэ - добрая традыцыя, і трэба яе вяртаць", - сказаў Ігар Ляшэнка.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей таксама адзначыў цікавасць вобласці да праекта, размова пра яго вядзецца ўжо амаль восем гадоў.

"Гэта дасць магчымасць істотна павялічыць аб`ёмы экспартна-імпартных перавозак паміж рэгіёнамі Беларусі і Украіны. Гэта важная і выгадная для ўсіх ідэя", - падкрэсліў ён.

Як паведамлялася, 26 верасня на сустрэчы з украінскімі СМІ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для аднаўлення суднаходства па Дняпры патрэбны больш актыўныя дзеянні ўкраінскага боку.

"Што датычыцца Беларусі, мы зрабілі. Пытанне стаяла толькі ў адным (яно і цяпер у вас у адным) - гэта паглыбленне дна, трэба паглыбіць дно Прыпяці і Дняпра. Мы на сябе ўзялі абавязацельствы - паглыбілі дно Прыпяці", - сказаў Прэзідэнт.

Па праекце ў Беларусі планавалася будаўніцтва порта "рака-мора" на глыбакаводным участку Дняпра ў раёне вёскі Ніжнія Жары Брагінскага раёна, які знаходзіцца практычна на граніцы з Украінай. Плануецца і паглыбленне фарватара ракі на ўчастку паміж портам і Кіеўскім вадасховішчам.

"Гэты порт (там мы прыцягнулі і прыватныя інвестыцыі), ён фактычна гатовы прымаць судны. Калі ўбачым, што Украіна вельмі зацікаўлена, мы тут дабавім, зробім порт і вырашым іншыя пытанні на яшчэ больш высокім узроўні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Упэўнены, што гэта быў бы мацнейшы штуршок. Тым больш з улікам таго, што ў нас цудоўная лагістыка па сушы (і не толькі па сушы) з Балтыкай. Мы маглі б з поўначы па рацэ ў Чорнае мора пусціць патокі грузаў. Прывабнасць лагістычная, транзітная для Украіны і Беларусі значная, рабочыя месцы, будзем залежаць больш адзін ад аднаго. Чаму гэтым не займацца?" - пералічыў перавагі праекта кіраўнік дзяржавы.

Раней тэма грузавых перавозак па Дняпры неаднаразова абмяркоўвалася на розных узроўнях у час беларуска-ўкраінскіх кантактаў. Восенню 2017 года кіраўнікі Гомельскай і Херсонскай абласцей, а таксама ТАА СП "НІБУЛОН" (г.Нікалаеў) падпісалі трохбаковы мемарандум аб супрацоўніцтве і партнёрстве ў мэтах рэалізацыі праекта па аднаўленні суднаходства па Дняпры.

Ідэя праекта заключаецца ў тым, каб загружаць на тэрыторыі Беларусі судны змешанага класа, якія змогуць дастаўляць грузы праз Чорнае мора ў краіны Еўропы, Азіі і Афрыкі. Такому судну не спатрэбяцца дадатковыя перавалкі ў марскіх партах, што істотна зніжае кошт дастаўкі.

3 кастрычніка 2019, Жытомір
Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/78/50143
Текущая дата: 26.12.2024