Белорусский портал в Казахстане

1,1 тысячы пасажыраў ужо скарысталіся на БЧ новай тэхналогіяй аплаты праезду



Менавіта столькі чалавек выбралі паслугу аплаты праезду бескантактавымі банкаўскімі карткамі ў цягніках гарадскіх ліній за першы тыдзень эксплуатацыі новай сістэмы, паведамілі ў прэс-цэнтры магістралі.

Нагадаем, з 12 чэрвеня ўпершыню ў краінах СНД Беларуская чыгунка сумесна з ААТ “БПС-Ашчадбанк” укараніла ў цягніках гарадскіх ліній сістэму аплаты праезду з выкарыстаннем бескантактавых банкаўскіх плацежных картак, а таксама смартфонаў, смарт-гадзіннікаў і іншых мабільных прылад, якія падтрымліваюць тэхналогію NFC (Near field communication).

Першы тыдзень эксплуатацыі новай сістэмы паказаў, што гэты метад аплаты стаў найбольш папулярным на напрамку Мінск -- Беларусь (Заслаўе), дзе яго доля склала 85 % ад агульнай колькасці.

Шырокая і геаграфія банкаў эмітэнтаў картак, якімі быў аплочаны праезд. Гэта такія краіны, як: Аўстралія, Бразілія, Тайвань, Кітай, ЗША, Канада, Германія, Італія, Вялікабрытанія, Літва, Латвія, Украіна і Расійская Федэрацыя.

Аплаціць праезд магчыма па поўным тарыфе з выкарыстаннем бескантактавых банкаўскіх плацежных картак Visa payWave, MasterCard Contactless і БелКарт-Maestro, смартфонам або смарт-гадзіннікамі ў межах аднаго тарыфнага пояса - на участках Мінск - Беларусь, Мінск - Міханавічы і Мінск - Гарадзішча. Аплата ажыццяўляецца пры пасадцы. БКК неабходна прыкласці да валідатора ў вагоне электрацягніка.

Сяргей Расолька
Звязда, 20 чэрвеня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/81/48494
Текущая дата: 06.10.2024