Белорусский портал в Казахстане

Беларускі бок узгадніў праект дарожнай карты з РФ па ўрэгуляванні сітуацыі з пастаўкамі нафты і пачаў яго рэалізацыю



Аб гэтым паведаміў намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка.

"Пасля перагавораў паміж мной і расійскім віцэ-прэм`ерам Дзмітрыем Козакам, якія адбыліся 16 мая ў Маскве, у адпаведнасці з нашымі дамоўленасцямі група беларускіх і расійскіх спецыялістаў абмеркавала і падрыхтавала праект дарожнай карты мерапрыемстваў па замяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай нафты неналежнай якасці", - паведаміў Ігар Ляшэнка.

Паводле яго слоў, рэалізацыя мерапрыемстваў, прадугледжаных дарожнай картай, мае на мэце забеспячэнне сыравінай беларускіх НПЗ і аднаўленне транзітнай транспарціроўкі расійскай нафты ў напрамку еўрапейскіх дзяржаў.

"Разумеючы важнасць гэтага дакумента і неабходнасць яго строгага выканання ўсімі бакамі, я прапанаваў адобрыць дарожную карту на ўзроўні віцэ-прэм`ераў нашых дзяржаў. Са свайго боку мы ўзгаднілі праект дарожнай карты і накіравалі для падпісання Дзмітрыю Козаку", - праінфармаваў Ігар Ляшэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларускі бок пачаў ужо выкананне першапачатковых крокаў дарожнай карты.

Беларускі бок таксама прапануе ў максімальна кароткія тэрміны павялічыць аб`ём пастаўкі нафты на ААТ "Нафтан".

"Мы таксама яшчэ раз праінфармавалі нашых расійскіх калег, што беларускі бок гатовы прымаць для перапрацоўкі ў ААТ "Нафтан" большы, чым цяпер, аб`ём расійскай нафты, якая пастаўляецца па маршруце Невель - Полацк - "Нафтан", і прапануе ў максімальна кароткія тэрміны павялічыць аб`ём яе пастаўкі, не ўвязваючы гэты крок з выкананнем іншых мерапрыемстваў", - адзначыў Ігар Ляшэнка.

Як паведамлялася, канцэрн "Белнафтахім" 19 красавіка заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расійскай нафты Urals, якая паступае транзітам ва ўчастак магістральнага нафтаправода ААТ "Гомельтранснафта Дружба".

Колькасць хлорарганічных злучэнняў ў нафце перасягала ў дзясяткі разоў гранічныя значэнні па стандарце. Сістэма нафтаправода "Дружба" забяспечвае пастаўкі нафты на беларускія НПЗ і транзіт нафты ў Еўропу праз Беларусь па двух напрамках - праз Польшчу і Украіну. Чыстая нафта паступіла на граніцу Беларусі па нафтаправодзе "Дружба" 2 мая.

20 мая 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/84/48080
Текущая дата: 25.12.2024