Белорусский портал в Казахстане

Транзіт расійскай нафты ў Польшчу цераз Беларусь спынены на няпэўны тэрмін



Адпаведны ліст атрымала ААТ "Гомельтранснафта Дружба" ад польскага магістральнага аператара нафтаправода PERN S.A.

Як паведамляецца на сайце беларускага аператара, з 22.00 варшаўскага часу (23.00 па Мінску) польскі бок спыняе прыём нафты ў пункце здачы "Адамава". Прычынай спынення называецца адмова нафтаперапрацоўчых заводаў (НПЗ), падключаных да нафтаправода "Дружба", прымаць нафту са значным перавышэннем паказчыка па масавай долі арганічных хларыдаў (да 30 разоў ад межавага нарматыву).

"Працяг паставак нафты з утрыманнем арганічных хларыдаў вышэй за ліміт нараджае рызыку сур`ёзнай прамысловай аварыі як для НПЗ, так і лагістычнай сістэм ПЕРН", — гаворыцца ў лісце польскага аператара.

Транзіт нафты ў напрамку Украіны для НПЗ Чэхіі, Славакіі і Венгрыі працягваецца. Некандыцыйная нафта паступіць на пункты здачы нафты ў Венгрыю і Славакію праз 4—5 дзён, паведамляе "Гомельтранснафта Дружба".

19 красавіка кіраўніцтва канцэрна "Белнафтахім" паведаміла, што ўжо некалькі дзён з Расіі па нафтаправодзе "Дружба" паступае няякасная нафта.

22 красавіка стала вядома, што з-за няякаснай расійскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне.

23 красавіка намеснік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб паведаміў журналістам, што Беларусь прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі.

У той жа дзень у Маскве адбыліся перамовы старшыні канцэрна "Белнафтахім" Андрэя Рыбакова з кіраўніцтвам кампаніі "Транснефць". Іх вынікі бакі не каментуюць, аднак дзяржаўны тэлеканал "Беларусь 1" 24 красавіка паведаміў, што перамовы "не прынеслі ніякіх выразных адказаў з расійскага боку".

24 красавіка наваполацкі завод "Нафтан" пачаў прымаць чыстую нафту з Расіі па нафтаправодзе Сургут — Полацк, паведаміў БелаПАН дырэктар ААТ "Полацктранснафта Дружба" Васіль Дробатаў. На Мазырскі НПЗ па-ранейшаму паступае нафта з павышаным утрыманнем хлорарганікі.

Паводле інфармацыі тэлеканала "Беларусь 1", беларускі бок чакае пачатку паставак нафты на Мазырскі НПЗ чыгуначным транспартам.

Сітуацыя на беларускіх прадпрыемствах ацэньваецца як складаная. Беларусь нясе відавочныя страты — экспарт нафты і нафтапрадуктаў прыпынены, заводы працуюць на палову магутнасці. Згодна з папярэднімі ацэнкамі, агульны ўрон ужо перавышае сотні мільёнаў долараў.

Спецыялісты адзначаюць, што поўнамаштабную тэхнагенную аварыю пакуль удаецца прадухіліць дзякуючы экстранным мерам, але сурагат настолькі таксічны, што раз`ядае ўнутраную сталёвую паверхню магістральных труб, пашкоджвае дарагое абсталяванне на НПЗ, а ў выпадку прарыву сістэмы пагражае экалагічнай катастрофай.

Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН
Мінск, 25 красавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/85/47756
Текущая дата: 15.11.2024