Пра гэта паведамілі ў ААТ "МАЗ".
Тры экіпажы каманды "МАЗ-СПОРТаўта" возьмуць удзел у сусветна вядомым ралі-рэйдзе "Дакар", які пройдзе з 6 па 17 студзеня ў Перу. Спартыўныя грузавікі і аўтамабілі тэхнічнай падтрымкі выехалі з Мінска і накіраваліся ў французскі порт Гаўр, адкуль паплывуць на пароме да берагоў Паўднёвай Амерыкі,
Марафон "Дакар-2019" пройдзе толькі на тэрыторыі Перу. Стартуе гонка 6 студзеня ў Ліме, а завершыцца там жа праз 11 дзён. Гоншчыкам трэба будзе праехаць каля 5 тыс. км. Больш за палову маршруту пралягае праз вялізныя дзюны і іншыя пясчаныя перашкоды. У той жа час, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, экіпажы не сутыкнуцца з высакагор`ем.
На гонку беларускія аўтамабілі прыедуць у порт сваім ходам, а 22 лістапада іх пагрузяць на паром. Да Паўднёвай Амерыкі яны дабяруцца ў канцы снежня. Каманда зможа забраць аўтамабілі 3 студзеня, пасля чаго застанецца два дні на тэхнічныя праверкі і падрыхтоўку да ралі.
Склад экіпажаў не памяняўся. Сяргей Вязовіч паедзе разам са штурманам Паўлам Гараніным і механікам Андрэем Жыгуліным. Пілоту Аляксею Вішнеўскаму дапамогуць штурман Максім Новікаў і механік Андрэй Невяровіч. У трэцім экіпажы будуць пілот Аляксандр Васілеўскі, штурман Дзмітрый Віхрэнка і механік Антон Запарошчанка.
Як паведамілі на Мінскім аўтазаводзе, беларускія гоншчыкі нацэлены на прызавыя месцы. Пасля другога месца на мінулым "Дакары" і чэмпіёнскага тытула на Turkmen Desert Race ад іх чакаюць высокіх вынікаў.
"Вядома, будзем ехаць на максімальны вынік, каб добра прадставіць краіну і магчымасці Мінскага аўтазавода. Але "Дакар" — гэта складаная і непрадказальная гонка, у якой сітуацыя можа кардынальна змяніцца на любым этапе. Хоць нашы гоншчыкі, як і тэхніка, гатовыя да любых выпрабаванняў. І апошняя гонка ў Туркменістане гэта выдатна прадэманстравала", — адзначылі ў камандзе "МАЗ-СПОРТаўта".
Як падкрэсліваюць на МАЗе, ралі "Дакар" — гэта не толькі спаборніцтва, але і пляцоўка для экстрым-тэста спартыўных грузавікоў, якія шмат у чым складаюцца з серыйных камплектуючых. Правераныя ноу-хау потым знаходзяць прымяненне ў канвеернай вытворчасці. Пры гэтым многія часткі спартыўных аўтамабіляў, у тым ліку кабіна, рама, надбудовы кузава і кранштэйны, вырабленыя ў Беларусі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 16 лістапада 2018
Мінск, 16 лістапада 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/92/45644
Текущая дата: 15.11.2024